ЮНЕСКА: 53 аб'екты сусветнай спадчыны знішчаны ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У папярэдні спіс, складзены ў супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі, уключаны 29 культавых будынкаў, 16 гістарычных будынкаў, 4 музеі і 4 помнікі.
“Дакладную інфармацыю атрымаць складана, трэба быць уважлівымі”, - заявіў журналістам у штаб-кватэры ААН у Парыжы намеснік генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па культуры Эрнэста Атонэ. Справаздача абнаўляецца штодня, і колькасць пашкоджаных аб’ектаў пастаянна расце. "Спадчына чалавецтва знаходзіцца пад пагрозай", - падкрэсліў ён.
У спіс увайшоў Сафійскі сабор у Кіеве, адзін з найважнейшых аб'ектаў хрысціянскай культуры Усходняй Еўропы. Будаўніцтва храма, які стаў калыскай хрысціянства на Русі, пачалося ў пачатку XI стагоддзя пасля хросту ў 988 годзе. З 1990 года ён належыць да Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
“Мы маем абавязак перад будучымі пакаленнямі зрабіць усё магчымае, каб захаваць спадчыну гэтай краіны”, - сказаў дырэктар Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Лазар Элуду Асомо. Ён выказаў занепакоенасць разбомбленым Чарнігавам з будынкамі ІХ-ХІІІ стагоддзяў.
Каб прадухіліць далейшае разбурэнне, ЮНЕСКА і ўрад Украіны распрацавалі сістэму бела-блакітных бірак для абазначэння аб'ектаў Сусветнай спадчыны.
У сакавіку генеральны дырэктар Арганізацыі ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры Одрэ Азуле ў лісце да міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова выказала заклапочанасць лёсам аб'ектаў культурнай спадчыны ва Украіне. Аднак да сённяшняга дня яна не атрымала адказу.