Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ пра экалагічныя наступствы вайны ва Украіне

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) ксёндз Януш Урбанчык звярнуў увагу на “сур’ёзныя экалагічныя і эканамічныя наступствы” вайны ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Усё гэта ўплывае на здароўе і існаванне людзей ва Украіне, а таксама ў іншых краінах свету, - заявіў прадстаўнік Святога Пасаду на падрыхтоўчай сустрэчы 30-га Эканамічна-экалагічнага форуму АБСЕ. Ён адзначыў, што ў свеце пагоршылася сітуацыя з голадам і галечай.

“Адным з глыбокіх наступстваў вайны з'яўляецца пагаршэнне харчовай бяспекі ў многіх краінах, якія залежаць ад імпарту пшаніцы, ячменю, угнаенняў і расліннага алею, паколькі сусветныя рынкі тавараў і гандлёвыя патокі былі парушаны. Гэта пагоршыла і без таго хісткую сітуацыю, бо ланцужкі паставак і вытворчасць у многіх сектарах яшчэ не цалкам аднавіліся пасля наступстваў і збояў, выкліканых пандэміяй COVID 19”, - заўважыў дыпламат.

Ён адзначыў, што пачатак вайны ва Украіне “выклікаў новы крызіс бяспекі, які засланяе сабой усе іншыя праблемы і ставіць перад нашымі эканамічнымі, культурнымі і сацыяльнымі мадэлямі яшчэ адзін выклік”.

Мансеньёр Урбанчык нагадаў, што Святы Пасад па-ранейшаму падтрымлівае “трансфармацыю энергетычных сістэм”. Гэтыя “доўгатэрміновыя стратэгічныя інвестыцыі” прынясуць “не толькі доўгатэрміновыя эканамічныя, але і экалагічныя выгады”: “неабходна паступовая, але неадкладная замена выкапнёвага паліва чыстымі крыніцамі энергіі”.

Дыпламат прывёў думку Францішка, які лічыць, што свету засталося ўсяго некалькі гадоў на рэзкае скарачэнне выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Гэтая трансфармацыя, лічыць Папа, павінна быць не толькі хуткай, каб задаволіць бягучыя і будучыя патрэбы ў энергіі, яна таксама павінна ўлічваць уплыў на бедных, мясцовых жыхароў і работнікаў у энергетычных сектарах.
 

24 мая 2022, 11:34