COMECE: імкненне ўвесці права на аборт не мае этычных падстаў
Ян Глінскі - Vatican News
Генеральны сакратар COMECE ксёндз Мануэль Барыёс Прыета зрабіў заяву ад імя біскупаў, у якой адзначыў, што дыскусія на тэму “Глабальныя пагрозы праву на аборт: магчымая адмена права на аборт Вярхоўным судом у ЗША” можа прывесці да дыскрэдытацыі Еўрасаюза, бо стане ўмяшаннем у “юрысдыкцыю дэмакратычнай дзяржавы, якая нават не з’яўляецца членам ЕС”.
Як нагадваецца ў заяве, “з юрыдычнага пункту гледжання, у еўрапейскім і міжнародным заканадаўстве не існуе права на аборт. Таму ніводную дзяржаву нельга абавязаць да легалізацыі аборту, яго спрашчэння або інструментальнага выканання”.
Таксама было падкрэслена, што “спроба ўвесці нібыта права на аборт у Хартыю асноўных правоў Еўрапейскага саюза было б законам, пазбаўленым этычных падстаў і асуджаным быць прычынай вечных канфліктаў паміж грамадзянамі ЕС”. Адначасова было заўважана, што гэта супярэчыла б праву адмаўлення паводле сумлення, замацаванага ў Хартыі і прызнанага ААН.
COMECE выказала занепакоенасць і тым, што “права медыцынскіх устаноў адмаўляцца ад некаторых паслуг, у тым ліку абортаў, паслабляецца і нават адмаўляецца”, хоць і было прынятае ў рэзалюцыі ў 2010 г.
Біскупы таксама адзначылі, што трагічнасць сітуацыі некаторых жанчын, якія разважаюць пра аборт, павінна схіляць да большай увагі да іх праблем. “Жанчыны ў цяжкай сітуацыі не павінны заставацца ў адзіноце, падобна як нельга ігнараваць права на жыццё ненароджанага дзіцяці. Абодва павінны атрымаць усялякую неабходную дапамогу і падтрымку”, - напісалі члены COMECE.