Жыхары Рыма назіраюць за тушэннем пажару Жыхары Рыма назіраюць за тушэннем пажару 

Біскуп: Рым не гатовы да Юбілею 2025 года

Нягледзячы на тое, што ў Ватыкане актыўна ідзе падрыхтоўка да Юбілею 2025 года, Рым пакуль не гатовы прыняць мільёны пілігрымаў, лічыць дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Бэноні Амбарус.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Вечны горад тоне ў смецці да такой ступені, што медыкі баяцца выбуху эпідэміі. Да традыцыйных праблем з вывазам адкідаў дадаліся буйныя пажары, якія на працягу некалькіх апошніх тыдняў здараюцца ў розных частках італьянскай сталіцы. “Прычыны крызісу глыбокія, сацыяльныя, у сувязі з чым жыццё ў гэтым горадзе – гэта ўрок выжывання і сапраўдная паласа перашкод”, - падкрэсліў біскуп Амбарус у каментары для Vatican News.

На думку іерарха, “у першую чаргу гаворка ідзе пра чалавечую дэградацыю”, заняпад “здольнасці мыслення ў катэгорыях агульнага дабра”, што, безумоўна, адбіваецца на стане навакольнага асяроддзя.

“Пануе мысленне, быццам хтосьці павінен з гэтым нешта зрабіць, але дакладна не я. Да ўсяго дадаецца карупцыя. Рым паступова ператвараецца ў сапраўдныя гарадскія джунглі. З іншага боку я разумею гэтых людзей: пасля паласы перашкод, якія яны вымушаны пераадольваць кожны тыдзень, напрыклад, у дзяржаўных установах, я не здзіўляюць, што людзі засяроджваюцца на ўласных справах”, - сказаў ён.

Біскуп Амбарус падкрэсліў, што перамены павінны распачацца як мага хутчэй, “каб пілігрымы, якія прыедуць у Рым з нагоды Святога Юбілейнага году, апынуліся ў Вечным горадзе, вядомым з паштовак, а не ў смярдзючым смеццевым баку”. “Вось чаму я заклікаю ўсіх рымлян і дзяржаўныя структуры: зрабіць выбар на карысць будучыні. Калі грамадзяне ўбачаць, што ўлады сур’ёзна ставяцца да праблем, яны неадкладна далучацца”, - сказаў дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі.
 

11 ліпеня 2022, 10:49