Пошук

Маніфестанты на вуліцах Каломба ў Шры-Ланцы Маніфестанты на вуліцах Каломба ў Шры-Ланцы 

Францішак заклікаў устрымацца ад насілля ў Шры-Ланцы

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, 17 ліпеня 2022 года ў Ватыкане, Святы Айцец у чарговы раз выказаў сваю занепакоенасць напружанай сітуацыяй у Шры-Ланцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Яшчэ раз выказваю сваю блізкасць народу Шры-Ланкі. Дарагія браты і сёстры, я далучаюся да вас у малітве і заклікаю ўсе бакі шукаць мірнага вырашэння цяперашняга крызісу, асабліва дзеля самых бедных, паважаючы правы ўсіх. Я далучаюся да рэлігійных лідараў у просьбе ўстрымацца ад усіх форм насілля і распачаць працэс дыялогу дзеля агульнага дабра”, - сказаў Папа.

Пратэсты ў Шры-Ланцы, выкліканы глыбокім эканамічным крызісам, высокім узроўнем інфляцыі і карупцыяй, пачаліся ў сакавіку 2022 года. Яны хутка перараслі ў масавыя беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй. У краіне была ўведзена каменданцкая гадзіна, абмежавана работа сацыяльных сетак. 9 ліпеня маніфестанты захапілі рэзідэнцыю прэзідэнта, які быў вымушаны сысці ў адстаўку і пакінуць краіну. На фоне крызісу і пратэстаў краіна апынулася перад пагрозай гуманітарнай катастрофы.
 

17 ліпеня 2022, 14:08