Пошук

Сустрэча Францішка з кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату. 5.8.2022 Сустрэча Францішка з кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату. 5.8.2022 

Масква: Патрыярх не сустрэнецца з Пантыфікам у Казахстане

Патрыярх Маскоўскі не паедзе ў Казахстан на VII З'езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій і адпаведна, не сустрэнецца там з Францішкам, візіт якога ў рэспубліку намечаны на 13-15 верасня 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым у інтэрв’ю РИА Новости 24 жніўня 2022 года заявіў кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату.

Рускую Праваслаўную Царкву на форуме будзе прадстаўляць афіцыйная дэлегацыя, сам Кірыл “у працы з'езда прымаць удзелу не будзе”, і адпаведна, яго сустрэча з Папам “не плануецца”.

Мітрапаліт Валакаламскі Антоній адзначыў, “што яшчэ зусім нядаўна” вялася падрыхтоўка да правядзення другой па ліку сустрэчы Патрыярха Маскоўскага і Пантыфіка. Першая – адбылася, як вядома, у лютым 2016 года ў Гаване на Кубе. Аднак вясной 2022 года Святы Пасад заявіў аб прыпыненні арганізацыі чарговай сустрэчы. Паводле іерарха, "з таго часу ніякіх прапаноў з боку Ватыкана адносна магчымай арганізацыі сустрэчы ў іншы час або ў іншым месцы” ў адрас маскоўскага боку не паступала", “ніякіх афіцыйных кантактаў на гэту тэму да сённяшняга дня не ажыццяўлялася”.

Прадстаўнік РПЦ лічыць, што сустрэча Патрыярха Маскоўскага і Пантыфіка "не можа мець месца "на палях", няхай і такога значнага форума, як З'езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, – яна павінна стаць самастойным мерапрыемствам з прычыны свайго асаблівага значэння". Яна "павінна быць самым дбайным чынам падрыхтавана, павінен быць узгоднены яе парадак дня, павінен быць загадзя прадуманы яе выніковы дакумент". Прыкладам для Масквы ў гэтым плане з'яўляецца Гаванская сустрэча.

Нагадаем, Францішак з 13 па 15 верасня 2022 года будзе знаходзіцца ў Казахстане з нагоды VII З'езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій. Падчас нефармальнай размовы з канадскімі езуітамі Папа выказаў надзею, што там зможа сустрэцца з Кірылам.

У пачатку жніўня Мітрапаліт Антоній меў размову з Пантыфікам у Ватыкане, а 24 жніўня 2022 года сустрэўся ў Маскве Апостальскім нунцыем у Расіі, Джавані Д’Аньела.
 

25 жніўня 2022, 10:49