Пантыфіка непакояць падзеі ў Іраку
Францішак прызнаўся ў сваёй заклапочанасці сітуацыяй, якая развіваецца ў Іраку. У Багдадзе і іншых правінцыях успыхнулі сутыкненні пасля таго, як шыіцкі лідар ас-Садр абвясціў аб адмове ад палітычнай дзейнасці.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле апошніх звестак іракскіх медыкаў, колькасць тых, хто загінуў падчас сутыкненняў дасягнула 30, больш за 700 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 110 супрацоўнікаў службаў бяспекі.
“Я з заклапочанасцю сачу за гвалтоўнымі падзеямі, якія адбыліся ў Багдадзе ў апошнія дні. Мы просім Бога ў малітве даць мір іракскаму народу. У мінулым годзе я меў радасць наведаць краіну і адчуць вялікае жаданне нармальнасці і мірнага суіснавання паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі, якія ўтвараюць яе. Дыялог і братэрства – галоўны метад супрацьстаяння цяперашнім цяжкасцям і дасягнення пастаўленай мэты”, - сказаў Папа 31 жніўня 2022 года падчас агульнай аўдыенцыі.
31 жніўня 2022, 14:34