Рыміні: неўзабаве 43-я Cустрэча сяброўства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ініцыятарам форума выступае руху Камунія і вызваленне (Comunione e Liberazione). Ён пройдзе пры поўнай прысутнасці выступоўцаў і ўдзельнікаў і будзе трансліравацца ў інтэрнэце.
Дэвіз сёлетняга мерапрыемства: Захапленне чалавекам – цытата з прамовы заснавальніка руху ксяндза Луіджы Джусані на сустрэчы 1985 года. “Гэта заклікае людзей падумаць з новым запалам пра тых, хто пакутуе, пра свабоду, пра тых, хто стаў ахвярай вайны, пра адукацыю, якая будзе галоўнай тэмай гэтай сустрэчы”, - звярнуў увагу Бернард Шольц, старшыня фонду, які арганізоўвае Сустрэчу.
“Непрадказальны і зменлівы міжнародны геапалітычны парадак, цяжкае становішча тысяч бежанцаў, рост галечы, у тым ліку ў выніку пандэміі, надзвычайная сітуацыя, звязаная з глабальным пацяпленнем і экалагічнымі рызыкамі, – гэта ўражлівыя выклікі, якія ўплываюць на сучаснасць і будучыню чалавецтва”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе падзеі.
Сярод гэтых трагедый, перад абліччам няўпэўннасці, ёсць людзі, якія абуджаюць надзею. Гэта тая надзея, якая рухае кожным з нас, - адзначаюць арганізатары. Менавіта жаданне быць шчаслівым і дзейнічаць адрознівае чалавечае сэрца, “якое нават у самых вялікіх цяжкасцях знаходзіць нечаканыя рашэнні і шукае сяброўства з іншымі людзьмі, каб адказаць на выклікі і пытанні сучаснасці”, - гаворыцца ў тэксце, які прэзентуе сёлетні форум.
У Рыміні прыедуць, у тым ліку, паэт Барыс Херсонскі і ўкраінскі мастак Павел Макаў, Ірына Шчарбакова і Алена Жэмкова з маскоўскага Мемарыяла. Тут чакаюць рускую паэтэсу Вольгу Седакову, аргентынскага псіхааналітыка Мігеля Бенасаяга, французскага драматурга Эрыка-Эмануэля Шміта і Джона Мазэра, астрафізіка НАСА і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы.
Навінкамі гэтага года стануць новы павільён, цалкам прысвечаны спорту, і Дзіцячая вёска, створаная для дзяцей і падлеткаў ад 2 да 14 гадоў. Для самых маленькіх тут прапануюць майстар-класы, гульні, шоу, чытанні, а бацькі змогуць скарыстацца паслугамі няні.