Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: рэлігіі могуць спрыяць згуртаванасці паміж людзьмі

Агульнае дабро і пачуццё чалавечнасці – крокі да больш згуртаванага грамадства, - адзначыў кардынал П’етра Паралін на буйным міжнародным і міжрэлігійным форуме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы праз відэаспалучэнне звярнуўся да ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі аб згуртаваных грамадствах (ICCS), якая прайшла ў Сінгапуры на тэму “Моцныя ідэнтычнасці, злучаныя супольнасці”. У сустрэчы бралі ўдзел каля 800 дэлегатаў з 40 краін свету, галоўным чынам азіяцкіх.

Салідарнасць – гэта мэта, да дасягнення якой пакліканы ўсе без выключэння; яна павінна будавацца пад кіраўніцтвам моладзі; павінна рэалізоўвацца як абавязацельства ствараць прыцягальныя гарады; патрабуе прыняцця адказнасці за праблемы іншага і з’яўляецца спосабам “стварэння гісторыі”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Кардынал Паралін нагадаў, што “вялікія рэлігійныя традыцыі чалавецтва здольныя матываваць пошук і стварэнне міру і згуртаванасць паміж людзьмі таксама і зараз”, у час, калі “глабальны кантэкст патрабуе большага самааналізу і дзеянняў, калі мы хочам садзейнічаць стварэнню гарманічных грамадстваў”.

Высока ацэньваючы працу арганізатараў форума, які рэгулярна праводзіцца з 2019 года, іерарх падкрэсліў, што яны далі свету “знак, каб не губляць надзею” і “працягваць з моцным пачуццём адказнасці будаваць грамадствы, заснаваныя на братэрстве і справядлівасці”.

Кардынал Паралін спаслаўся на паняцце “агульнага дабра”, якое ляжыць у аснове сацыяльнага вучэння Касцёла, каб нагадаць, што католікі разумеюць пад “згуртаваным грамадствам”. Ён зазначыў, што навучанне агульнаму дабру і адчуванню сябе часткай аднаго чалавецтва – гэта першыя крокі да будавання больш згуртаваных супольнасцей. Мы належым да чалавецтва, таму абавязак развіцця ў тым, што па-сапраўднаму чалавечае, ляжыць на ўсіх нас, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што асэнсаванне гэтага не можа быць дасягнута толькі з дапамогай ідэй, прамоў і тэорый: патрэбна канкрэтная гатоўнасць уступаць у адносіны. Грамадствы будуюцца праз сеткі стасункаў, якія асобы здольныя ўстанаўліваць паміж сабой і якія павінны грунтавацца на супрацоўніцтве. Мэта згуртаваных грамадстваў – фармацыя асобаў, здольных ствараць адносіны, жыць у грамадстве, пераўзыходзіць індывідуалізм, - сказаў кардынал Паралін, адзначаючы таксама важнасць агульначалавечага братэрства і сяброўства.
 

08 верасня 2022, 10:23