Пошук

Папа падчас сустрэчы з блізкімі сястры Луізы дэль Орто Папа падчас сустрэчы з блізкімі сястры Луізы дэль Орто 

Папа сустрэўся з блізкімі забітай італьянскай місіянеркі

“Яна ахвяравала сваё жыццё аж да мучаніцкай смерці”, – так Папа казаў пра забітую на Гаіці італьянскую місіянерку. Францішак сустрэўся з яе сям’ёй, сябрамі і прадстаўніцамі манаскай супольнасці, да якой яна належала.

Ян Глінскі - Vatican News

Падчас сустрэчы Святы Айцец атрымаў у падарунак камень ад катэдральнага касцёла, знішчанага падчас землятрусу ў сталіцы Гаіці. Сястра Луіза дэль Орто належала да таварыства Малых Сясцёр Евангелля. На працягу 20 гадоў яна працавала на гэтым карыбскім востраве сярод самых бедных дзяцей. 25 чэрвеня 2022 года была жорстка забіта.

“Мы былі вельмі ўзрушаны сустрэчай з Папам, тым, што ён цэніць ахвяру яе жыцця. Камень ад зруйнаванай катэдры, пры якой яна працавала, быў сімвалам таго, што яе жыццё з’яўляецца жывым каменем, на якім Хрыстус будуе свой Касцёл”, - сказала Vatican News сястра забітай місіянеркі, якая, па яе словах, была моцна адданая гаіцянскім дзецям і клапацілася пра тое, каб даць ім годную будучыню.

“Яна гарэла сваёй місіяй і любіла гэтых дзяцей. Яна, як зерне, кінутае ў гаіцянскую зямлю, - ўспамінала сястра забітай місіянеркі. – Я размаўляла з дзецьмі і працаўнікамі дома, якім яна кіравала. Яны казалі мне, што ім вельмі яе не хапае, асабліва цяпер, калі крымінальныя групіроўкі мацнеюць, забіваюць і нават асмельваюцца атакаваць Caritas. Гэта сапраўдная трагедыя. Я ўзрушана працэсіяй людзей, якія практычна кожны дзень ідуць да яе магілы ў нашай сямейнай мясцовасці, дзе яна была пахавана. У Ламаньі мы ўжо адчуваем, дазвольце мне так сказаць, нарастаючы водар яе святасці”, - адзначыла Марыя Адэль дэль Орто.
 

23 верасня 2022, 09:04