Удзельнікі форума ў Нур-Султане падпісалі дэкларацыю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Рэлігійныя лідары абавязаліся прыкладаць намаганні на карысць міру і дыялогу паміж рэлігіямі, культурамі і цывілізацыямі, а таксама падкрэслілі важнасць Дэкларацыі аб усеагульным братэрстве, якую 4 лютага 2019 года падпісалі ў Абу-Дабі папа Францішак і шэйх Ахмад Эль-Таеб.
У дакуменце, які складаецца з 35-ці пунктаў, узгадваецца пра актуальныя праблемы, звязаныя з пандэміяй, глабалізацыяй сусветных працэсаў, пагрозамі для бяспецы. У сувязі з гэтым удзельнікі форума адзначылі важнасць сумесных намаганняў на карысць дыялогу ў імя міру і супрацоўніцтва, а таксама прасоўвання духоўных і этычных каштоўнасцей.
Рэлігійныя лідары звярнулі ўвагу на пагрозу для міжнародных адносін, якую могуць ствараць усякага роду канфлікты. Яны падкрэслілі, што экстрэмізм, радыкалізм, тэрарызм не маюць нічога супольнага з рэлігіяй, заклікалі ўрады і міжнародныя арганізацыі падтрымліваць рэлігійныя групы і этнічныя супольнасці, якія пакутуюць ад экстрэмістаў і тэрарыстаў, пакласці канец канфліктам у свеце і развіваць дыялог.
Плюралізм і разнастайнасць рэлігій, рас, палоў, моў і культур у дакуменце названы “выразам мудрасці волі Бога ў стварэнні”, таму непрымальным з’яўляецца ўсякага роду прымус да прыняцця той ці іншай рэлігіі ці рэлігійнага вучэння.
Падпісанты выказалі падтрымку ініцыятывам, накіраваным на спрыянне міжрэлігійнаму і міжканфесійнаму міру, заклікаючы захоўваць у грамадствах духоўныя і этычныя каштоўнасці, адзначаючы важнасць рэлігійных лідараў і рэлігійнай дыпламатыі. Падкрэсліваецца, што талерантнасць, павага і ўзаемнае разуменне павінны спадарожнічаць рэлігійнаму прапаведванню.
У Дэкларацыі гучыць заклік спрыяць доступу да атрымання адукацыі, умацоўваць інстытут сям’і, садзейнічаць роўнасці палоў і абараняць годнасць і правы жанчын. Рэлігійныя лідары папрасілі падтрымаць часткі свету, у якіх адбываюцца ваенныя канфлікты і прыродныя катаклізмы, выкліканыя чалавекам. Дакумент і вынікі З’езду стануць важным арыенцірам для новых пакаленняў у прасоўванні культуры талерантнасці, узаемнай павагі і спакою, гаворыцца ў Дэкларацыі.