Пошук

Кардынал Бешара Бутрас Раі Кардынал Бешара Бутрас Раі  

Ліванскі кардынал занепакоены палітычнай напружанасцю ў краіне

Калі дэпутаты не абяруць годнага прэзідэнта, народ паўстане супраць іх усіх. Так мараніцкі Патрыярх кардынал Бешара Бутрас Раі раскрытыкаваў выбары лідара дзяржавы ў Ліване, якія прыйшлі ў тупік.

Ян Глінскі

“Калі дэпутаты не абяруць нацыянальнага, суверэннага і кваліфікаванага прэзідэнта, які возьме на сябе справы кіравання, няхай не абвінавачваюць народ, калі той паўстане супраць іх усіх”, - сказаў іерарх падчас адной з Імшаў. Ён як глава самай вялікай хрысціянскай супольнасці мае ў краіне важны палітычны голас.

Першае пасяджэнне парламента прайшло безвынікова. Кардынал асцерагаецца, што нязгода дэпутатаў адносна кандыдата можа прывесці выбарчыя сесіі ў тупік. Невыбранне прэзідэнта ён акрэсліў як дыверсію. Заканчэнне канстытуцыйнага тэрміну без дасягнення пагаднення на выбарах, як сцвердзіў мараніцкі Патрыярх, стане “злачынствам супраць ліванскага народа і дзяржавы ў іх цяперашнім становішчы”.

Тэрмін кіравання прэзідэнта Мішэля Ауна, які не можа быць ізноў абраны, завяршаецца 31 кастрычніка 2022 года. Паводле ліванскай канстытуцыі, выбарчы перыяд павінен быў распачацца 1 верасня 2022 года, але старшыня парламента Набіх Беры склікаў палату толькі на мінулым тыдні. Аднак сесія была перарвана з прычыны адсутнасці кворуму. Тады спікер абвясціў, што далейшыя сесіі будуць залежаць ад узгаднення кандыдата дэпутатамі.

Згодна з устаноўленым сто гадоў таму прынцыпам рэлігійнай прапарцыянальнасці, прэзідэнтам Лівана павінен быць хрысціянін-мараніт, прэм'ер-міністрам – суніт, а старшынёй парламента – шыіт.

Зараз Ліван перажывае цяжкі эканамічны крызіс. Адначасова працягваецца міжнародная палітычная спрэчка вакол па-ранейшаму нявырашанага пытання марскіх меж паміж Ізраілем і Ліванам, дзе знаходзяцца радовішчы нафты і прыроднага газу. Паводле мясцовых СМІ, прапанаванае ЗША пагадненне аб урэгуляванні шматгадовай спрэчкі і выкарыстанні прыродных рэсурсаў было станоўча прынята абодвума бакамі канфлікту.
 

10 кастрычніка 2022, 09:15