Людзі ва Украіне, Самалі і Паўднёвай Карэі ў малітвах Пантыфіка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры, святкуем перамогу Хрыста над злом і смерцю, памолімся за ахвяр тэракту ў Магадзіша, у выніку якога загінулі больш за 100 чалавек, у тым ліку шмат дзяцей. Няхай Бог адорыць пакаяннем сэрцы людзей, якія заклікаюць да гвалту! Памолімся да ўваскрослага Пана таксама за тых, асабліва маладых людзей, якія загінулі мінулай ноччу ў Сеуле ў выніку трагічных наступстваў нечаканай панікі натоўпу”, - сказаў Папа.
Затым, маючы на ўвазе вайну, якую Расійская Федэрацыя вядзе ва Украіне, Францішак звярнуўся з заклікам: “Калі ласка, не будзем забывацца ў нашых малітвах і ў пакутах нашых сэрцаў пра змучаную Украіну. Давайце маліцца за мір, давайце рабіць гэта пастаянна!”
У суботу, 29 кастрычніка 2022 года, у сталіцы Самалі Магадзіша ўзарваліся два аўтамабілі-пасткі. У выніку тэрактаў загінулі не менш за 100 чалавек, амаль 300 атрымалі раненні. На думку ўлад краіны, напад здзейснілі ісламісцкія апалчэнцы Аш-Шабаб.
Паводле апошніх звестак, 153 чалавекі загінулі і 82 атрымалі раненні ў выніку панікі на вечарыне ў гонар Хэлоўіна ў сталіцы Паўднёвай Карэі Сеуле. Па ўсёй краіне абвешчана нацыянальная жалоба, фестывалі, парады і іншыя мерапрыемствы, запланаваныя на Хэлоўін, адменены.