Пантыфік моліцца за ахвяр нападу на дзіцячы садок у Тайландзе
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“З глыбокім смуткам даведаўшыся аб жахлівым нападзе ў дзіцячым цэнтры ва Утайсаване, Яго Святасць Папа Францішак выказвае шчырыя спачуванні і запэўнівае ў духоўнай блізкасці ўсіх, хто пацярпеў ад гэтага акту невытлумачальнага насілля супраць нявінных дзяцей”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам.
“Просячы аб боскім аздараўленні і суцяшэнні для параненых і для сем’яў, якія смуткуюць, Яго Святасць моліцца, каб у гэты час вялікай журбы, яны змаглі атрымаць падтрымку і сілу, дзякуючы салідарнасці з боку сваіх суседзяў і суграмадзян. Для ўсяго ўмілаванага тайландскага народа Святы Айцец выпрошвае благаслаўленне міру і вытрываласці ў дабры”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
Трагедыя здарылася 6 кастрычніка 2022 года ў правінцыі Нонгбуалампху. Узброены напад на дзіцячы садок, які прывёў да вялікай колькасці ахвяр, здзейсніў 34-гадовы мужчына, звольнены з паліцыі за ўжыванне наркотыкаў.