cSimona-Ghizzoni.-Courtesy-Simona-Ghizzoni-Pontificio-Consiglio-della-CulturaAEM.jpg

Святы Пасад у АБСЕ аб роўнай годнасці мужчыны і жанчыны

Гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчат, фізічны, сексуальны і псіхалагічны, працягвае заставацца чумой грамадства, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ксёндз Януш Урбанчык падкрэсліў, што да пашырэння гэтай з’явы вядуць у тым ліку і канфлікты, што бачна на прыкладзе Украіны. Ён заўважыў, што гвалт у адносінах да жанчын часцей за ўсё існуе ў звычайных жыццёвых абставінах. Ён можа мець форму, напрыклад, жорсткага абыходжання на працоўным месцы, сексуальных дамаганняў, парнаграфіі, прастытуцыі, прымусовай стэрылізацыі, схілення да аборту або выбарачнага аборту.

Тое, як мы ставімся да жаночага цела, паказвае на ўзровень нашай чалавечнасці, - звярнуў увагу ватыканскі дыпламат, цытуючы Папу Францішка.

З іншага боку, сапраўдная падтрымка жанчын патрабуе змены стаўлення тых, хто ігнаруе і зневажае іх неад'емную годнасць. Гэта караніцца ў па-ранейшаму шырока распаўсюджаным перакананні, што жанчына ніжэйшая за мужчыну, і таму лічыцца нармальным, калі мужчына падпарадкоўвае яе і выкарыстоўвае для ўласнага задавальнення.

Калі агульная і роўная годнасць мужчыны і жанчыны не будзе прызнана, пацверджана і належным чынам растлумачана і прывіта будучым пакаленням, застаецца мала надзеі на пералом сучаснай тэндэнцыі, - выказаў перакананне прадстаўнік Святога Пасаду на форуме АБСЕ.
 

04 кастрычніка 2022, 10:25