Пошук

Калізей Калізей 

Адмысловая падсветка Калізея: акцыя супраць смяротнага пакарання

Вечарам 30 лістапада 2022 года ў Рыме і шматлікіх гарадах падсвецяць знакамітыя помнікі, каб сказаць “не” смяротнаму пакаранню.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Прайшло 236 гадоў з таго часу, калі смяротнае пакаранне ўпершыню было адменена на дзяржаўным узроўні. Адбылося гэта 30 лістапада 1786 года ў Вялікім герцагстве тасканскім. З таго часу пройдзены доўгі шлях, але шмат яшчэ трэба зрабіць, каб прыйсці да ўсеагульнага мараторыя гэтага бесчалавечнага пакарання, якое да таго ж не дзейнічае як стрымальны фактар.

Як адзначыў прадстаўнік Супольнасці святога Эгідзія Марыё Мараціці, сёння мы назіраем прарыў у гісторыі чалавецтва: смяротнае пакаранне адмянілі больш за 144 краіны. Але яно працягвае быць уключаным у прававую сістэму некаторых дзяржаў. Нагадаем, што Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.

Самы знакаміты помнік Рыма стане фонам для дэманстрацыі лічбавай 3D-праекцыі на тэму Няма справядлівасці без жыцця (Non c'è giustizia senza vita). Падсветку Калізея ўключаць у прысутнасці міністра замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Антоніа Таяні, намесніцы мэра Рыма Сільвіі Скот, прэзідэнта супольнасці святога Эгідзія Марка Імпальяца, а таксама былога зняволенага Германа Ліндсі. Акцёр Паола Сасанэлі прачытае некалькі лістоў асуджаных да смяротнага пакарання.

Пачынаючы з 2000 года Супольнасць святога Эгідзія рэалізуе ініцыятыву супраць смяротнага пакарання, цэнтрам якой становіцца рымскі Калізей. З цягам часу да акцыі далучыліся больш за дзве тысячы гарадоў, аб'яднаных у рух Гарады за жыццё, у якім удзельнічаюць тысячы людзей на ўсіх кантынентах. Дзякуючы руплівай калектыўнай працы і адносінам з урадамі, ім удалося скараціць колькасць краін, якія падтрымліваюць смяротнае пакаранне.

30 лістапада 2022, 12:19