Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Дзевяць месяцаў вайны: рана на целе хрысціян

Канфлікт паміж народамі, якія падзяляюць адзін хрост, адну веру і рэлігійную традыцыю, нельга ўспрымаць як належнае і відавочнае, - адзначыў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Андрэа Тарніелі у сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News нагадаў, што мы набліжаемся да канца дзявятага месяца з пачатку жахлівай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Звычайна за дзевяць месяцаў ва ўлонні маці ўтвараецца чалавечае жыццё, каб потым з'явіцца на свет. Ва Украіне ж гаворка ідзе не аб чаканні жыцця, але толькі аб смерці, нянавісці і спусташэнні.

Паводле эксперта, у гэтай вайны ёсць адзін аспект, пра які мы не заўсёды памятаем: гаворка ідзе пра канфлікт двух народаў, якія належаць да адной веры ў Хрыста і да аднаго хросту. У гэтым геаграфічным рэгіёне хрысціянства атаясамліваецца з хрышчэннем Русі ў 988 годзе, калі князь Уладзімір пажадаў, каб уся яго сям'я і насельніцтва Кіева прынялі гэты сакрамэнт у водах Дняпра. Расійскія і ўкраінскія хрысціяне падзяляюць адну і тую ж літургію і духоўнасць, уласцівую Усходнім Цэрквам, - нагадаў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

На яго думку, сёння гэтую агульную прыналежнасць да веры і літургічнай традыцыі спрабуюць схаваць па прычынах ваеннай прапаганды: калі ты ваюеш, калі забіваеш, ты павінен забыць твар і чалавечае аблічча іншага. Ты павінен забыцца нават пра тое, што іншы ахрышчаны гэтак жа, як і ты.

Той факт, што вайна ў сэрцы Еўропы ўспыхнула паміж хрысціянамі, робіць яшчэ больш балючай рану для Хрыстовых вучняў. Перад намі не канфлікт, які можна класіфікаваць у рамках зручнай схемы “сутыкнення цывілізацый”, тэорыі, якая распаўсюдзілася пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года, каб пазначыць адрозненне паміж “намі” і “імі”. Не: тут агрэсары чытаюць тое ж самае Евангелле, што і ахвяры, - адзначыў Андрэа Тарніелі.

Замяшанне, выкліканае канстатацыяй гэтага факту, можа навесці на роздум аб тым, які доўгі шлях павінна яшчэ прайсці евангельскае пасланне, каб увайсці ў сэрцы хрысціян і пракрасціся ў іх культуру, увасобіўшыся ў прыкладзе Езуса ў Гефсіманскім садзе, які загадаў Пятру ўкласці меч у ножны. Яно можа нават заахвоціць ўстаць за кафедру суддзяў, запэўніваючых у праваце тых, хто хоча падкрэсліць розніцу паміж “нашым” хрысціянствам і хрысціянствам распальшчыкаў вайны, змешваючых святыя іконы з салдацкімі сцягамі, апраўдваючых агрэсію і гвалт рэлігійнымі прамовамі, - “як яшчэ пазаўчора рабілі мы самі і як, верагодна, некаторыя хацелі б паступаць і сёння”, - піша галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Але падобныя паводзіны сталі б толькі зручнымі уцёкамі, свайго роду самаапраўданнем для таго, каб рана, спароджаная гэтай вайной, не заставалася адкрытай. Канфлікт ва Украіне вучыць нас, што прыналежнасці да агульнай традыцыі, нагадванняў аб самаідэнтыфікацыі і культуры, спароджаных адным і тым жа абвяшчэннем Евангелля, недастаткова, каб захаваць нас ад варварскага гвалту, нянавісці і бязлітаснай вайны, - лічыць Андрэа Тарніелі.

У такім выпадку адкрытая рана азначала б штодзённы напамін аб тым, што веру і рэлігійныя традыцыі ніколі нельга ўспрымаць як належнае і відавочнае. Напамін, што можна паступаць па-хрысціянску толькі дзякуючы любові, а не дзякуючы традыцыі або культуры. Напамін пра словы Езуса: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць”, каб зноў стаць пакорлівымі прасіцелямі Яго міру, - заключыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

15 лістапада 2022, 12:40