Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Еўрапейскія біскупы заклікалі да энергетычнай салідарнасці

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) заклікала Еўрасаюз да энергетычнай салідарнасці ў сувязі з надыходзячай зімой.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У заяве, апублікаванай 7 лістапада 2022 года ў сувязі з энергетычным крызісам, каталіцкія іерархі заклікалі да справядлівага доступу да энергіі па даступных цэнах для ўсіх, асабліва для самых бедных, не выпускаючы з-пад увагі доўгатэрміновыя мэты справядлівага і ўстойлівага энергетычнага пераходу.

Ва ўмовах расійскай агрэсіі супраць Украіны празмерная залежнасць ЕС ад адзінага пастаўшчыка нафты і газу дазволіла Расіі выкарыстоўваць пастаўкі энерганосьбітаў у якасці зброі. Такая сітуацыя адбілася на найбольш уразлівых жыхарах Еўропы: “некаторыя кампаніі банкруцяцца, іншыя звальняюць работнікаў, многія людзі больш не ў стане справіцца з ростам кошту жыцця”.

З набліжэннем зімы біскупы заахвоцілі еўрапейцаў клапаціцца адно пра аднаго і адказна спажываць энергію. Палітыкаў ЕС яны заклікалі змагацца з цяперашнім крызісам, не выпускаючы з-пад увагі “доўгатэрміновыя мэты справядлівага і ўстойлівага энергетычнага пераходу”.

У сваёй заяве COMECE звярнула ўвагу на тры прынцыпы: універсальнае прызначэнне тавараў, ільготны варыянт для бедных і справядлівасць і мір.
 

08 лістапада 2022, 10:43