Эксперт па справах Афрыкі: экалагічны крызіс можа паглыбіцца
Ян Глінскі - Vatican News
Сусветныя карпарацыі ў пошуку новых радовішчаў паліва інвестуюць у здабычу выкапнёвай сыравіны, асабліва канцэнтруючы свае дзеянні ў Афрыцы.
Як адзначыў айцец Івардзі, здабычу паліва на згаданым кантыненце развіваюць выключна міжнародныя магутныя энергентычныя фірмы пры інвеставанні заходніх камерцыйных банкаў. “Дадзеная фінансавая група шукае новыя крыніцы выкапнёвага паліва ў адказ на цяперашні энергетычны крызіс, але гэта працуе ў напрамку, процілеглым заяўленаму скарачэнню выкідаў парніковых газаў”, – лічыць ён.
“Гэты працэс паглыбляе экалагічны крызіс, бо запавольвае трансфармацыю энергіі. І сама Афрыка, якая мае незвычайны патэнцыял, калі казаць пра аднаўляльныя крыніцы энергіі, у значнай ступені залежыць ад газу, вугалю і нафты. Гэта звязана з тым, што многімі афрыканскімі краінамі кіруюць карумпаваныя групы, якія зацікаўлены не ў супольным дабрабыце, а толькі ва ўласных інтарэсах”, – падкрэсліў італьянскі місіянер.
Апісваючы маштаб працэсу развіцця горназдабыўчай прамысловасці на рынку вугалю, айцец Івардзі паведаміў аб дзейнасці 79 новых шахт. “Толькі ў паўднёвай Афрыцы было створана 49 новых пляцовак для здабычы вугалю”, – удакладніў ён.
“Каб дапамагчы Афрыцы, трэба падтрымаць усе народныя рухі, няўрадавыя арганізацыі, грамадскую супольнасць, якія змагаюцца за празрыстасць і праўду, а таксама асуджаюць парушэнні правоў чалавека або злоўжыванне ў дачыненні да навакольнага асяроддзя”, – падкрэсліў эксперт па справах Афрыкі, крытыкуючы практыку фінансавання карумпаваных груп.