Пошук

Жылыя дамы, пашкоджаныя падчас украінска-расійскага канфлікту ва ўкраінскім Марыупалі Жылыя дамы, пашкоджаныя падчас украінска-расійскага канфлікту ва ўкраінскім Марыупалі 

Францішак заклікаў дзейнічаць на карысць міру

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 7 снежня 2022 года Святы Айцец нагадаў аб урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і даверыў апецы Багародзіцы ўкраінцаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Заўтра ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця: з позіркам, скіраваным на Панну Марыю, заўсёды будзьце адважнымі ў пашырэнні духоўных каштоўнасцей. Яе, нашу пяшчотную Маці, просім суцешыць усіх, хто пакутуе ад жорсткасці вайны, асабліва ў змучанай Украіне”, - звярнуўся Францішак.

8 снежня апоўдні Святы Айцец сустрэнецца з вернікамі на малітве Анёл Панскі, а ў 16.00 накіруецца на Іспанскую плошчу, дзе змешчана калона з статуяй Беззаганнай, каб аддаць пашану Маці Божай.

Таксама падчас агульнай аўдыенцыі Папа заахвоціў вернікаў да дзеянняў на карысць міру, асабліва ва Украіне, памятаючы пра жудасныя злачынствы, здзейсненыя немцамі супраць польскіх яўрэяў.

Ён нагадаў, што на днях Цэнтр каталіцка-яўрэйскіх адносін імя Абрама Хешэля з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ўшанаваў ахвяр аперацыі Рэйнхардт падчас Другой сусветнай вайны, у выніку якой былі знішчаны амаль два мільёна чалавек, у асноўным яўрэйскага паходжання.

“Няхай памяць аб гэтай жудаснай падзеі абудзіць ва ўсіх жаданне міру і дзейнасць на яго карысць. Гісторыя паўтараецца, мы бачым, што зараз адбываецца ва Украіне. Памолімся аб міры”, - заклікаў Пантыфік.

Аперацыя Рэйнхардт – кодавая назва знішчэння яўрэяў. Яна была праведзена ў 1942-1943 гадах на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Польшчы ў рамках так званага канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання (ням. Endlösung der Judenfrage). За некалькі месяцаў было забіта каля 1,85 мільёна яўрэяў.
 

07 снежня 2022, 10:56