Пошук

Kordon – фільм пра салідарнасць жанчын падчас вайны

Калі неўзабаве пасля пачатку вайны мільёны ўкраінцаў накіраваліся да дзяржаўных межаў, тысячы людзей з розных краін кінуліся ім на дапамогу. Гэта была надзвычай складаная сітуацыя і ў той жа час поўная салідарнасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Рэжысёр Алічэ Тамасіні вырашыла зафіксаваць гэты час у кадры і зняла фільм Кordon (Мяжа). Прэм’ера стужкі адбылася падчас Рымскага кінафестывалю. Затым яна перамагла ў намінацыі дакументальнага кіно на кінафестывалі ў Вялікабрытаніі. З 16 снежня 2022 года фільм будзе паказаны ў розных гарадах суседніх з Украінай краін. У яго стварэнні прымалі ўдзел Vatican Media і Tenderstories.

“Мяжа з’яўляецца выключным адлюстраваннем сітуацыі бежанцаў: сотні людзей перасякаюць гэтую лінію, пакідаючы ўсё. Аднак сярод гэтай драмы ёсць шмат знакаў надзеі”, - распавяла Тамасіні ў каментары для Vatican News. Рэжысёр зазначыла, што першапачаткова планавала быць проста валанцёрам, але, убачыўшы, колькі людзей прыходзіць на дапамогу, вырашыла задзейнічаць свой кінаталент.

Калі Тамасіні апынулася на мяжы, большасць тых, хто там знаходзіўся складалі жанчыны – менавіта яны сталі галоўнымі гераінямі фільму, Напрыклад, Дыяна, якая навучылася кіраваць велізарным грузавіком, каб аказваць дапамогу: яна з дочкамі загружала машыну ў Венгрыі, дастаўляла гуманітарную дапамогу на склад ва Украіне і забірала адтуль людзей, якія хацелі пакінуць краіну. Іншая гераіня – Ірына – паехала ва Украіну на аўтобусе, каб вывесці адтуль сяброўку з маленькай дачкой. Фільм распавядае таксама гісторыю Алены, якая прыехала з Канады, каб угаварыць маці выехаць за мяжу, і расіянкі Анастасіі, якая пастаянна пражывае ў Будапешце, але перад абліччам трагедыі вайны, адправілася дапамагаць украінскім бежанцам.

Прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі, Паола Руфіні, адзначыў, што дакументальны фільм апісвае “вайну са слязьмі на вачах жанчын і дзяцей, тых, якія яе не хацелі, і нават не верылі, што вайна ўвогуле магчыма, але апынуліся пагружанымі ў яе, быццам ўвесь свет абрынуўся на іх”.
 

15 снежня 2022, 11:49