Партугалія: затоплены месцы правядзення СДМ-2023
Муніцыпалітэты Лоўрэш і Лісабон, дзе ў жніўні 2023 года будуць праходзіць Сусветныя дні моладзі, былі затоплены ў выніку моцных ападкаў, якія прайшлі па ўсёй Партугаліі ў мінулыя выхадныя.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведамляюць улады Лісабонскай агламерацыі, у паўночна-заходняй частцы сталіцы, дзе з 1 па 6 жніўня 2023 года пройдзе каталіцкі моладзевы форум, мелі месца шматлікія паводкі.
Пад вадой апынулася частка тэрыторый, дзе запланаваны набажэнствы і сустрэчы з удзелам Папы, а таксама пад’язныя дарогі. Па словах мясцовых чыноўнікаў, моцныя дажджы, якія, як чакаецца, працягнуцца ў Партугаліі ў бліжэйшыя дні, запаволяць падрыхтоўку пляцовак для самага буйнога ў свеце мерапрыемства для маладых католікаў.
Тэрыторыя, дзе адбудуцца чарговыя Дні моладзі, моцна пацярпела ад паводкі ў лістападзе 1967 года. Тады ва ўсёй Лісабонскай агламерацыі загінулі 700 чалавек, некалькі тысяч былі эвакуіраваны.
15 снежня 2022, 11:30