Патрыярх: Ліван пакутуе з прычыны адсутнасці ўлады
Ян Глінскі
Кардынал у чарговы раз падкрэсліў, што ахоплены крызісам Ліван павінна падтрымаць адмысловая міжнародная канферэнцыя, па магчымасці скліканая пад эгідай ААН.
Як дадаў іерарх, палітычны вакуум прывёў да таго, што некалькі неафіцыйных цэнтраў улады падзялілі кіраванне ў краіне. Патрыярх ізноў заклікаў да вырашэння праблемы сірыйскіх бежанцаў і палесцінскага пытання. Ідэнтычнасць Лівана, як ён падкрэсліў, пад пагрозай: дэмаграфія краіны “змянілася з прычыны прысутнасці паўмільёна палесцінцаў і паўтара мільёна сірыйцаў”.
У той час, калі блізкаўсходняя краіна церпіць сур’ёзны эканамічны крызіс, ідзе міжнародная палітычная спрэчка вакол нявырашанага пытання марскіх меж паміж Ізраілем і Ліванам, дзе знаходзяцца радовішчы нафты і прыроднага газу.
Згодна з устаноўленым сто гадоў таму прынцыпам рэлігійнай прапарцыянальнасці, прэзідэнтам Лівана павінен быць хрысціянін-мараніт, прэм'ер-міністрам – суніт, а спікерам парламента – шыіт.