Пошук

Электрагенератары для Украіны Электрагенератары для Украіны 

Поспех ватыканскай акцыі па збору сродкаў для Украіны

Ужо каля 220 тысяч еўра на дапамогу Украіне сабралі дзякуючы ватыканскай ініцыятыве ў інтэрнэце. Сродкі накіраваны на набыццё тэрмаадзення і электрагенератараў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Акцыя праходзіць пад назвай Цяпло салідарнасці, а яе арганізатарам з’яўляецца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, якую ўзначальвае кардынал Конрад Краеўскі.

Першая ватыканская краўдфандынгавая кампанія праводзіцца на платформе Eppela. Першапачаткова планавалася сабраць 100 тысяч еўра за тры месяцы, але шчодрасць ахвярадаўцаў прывяла да таго, што сума была дасягнута ўсяго за пяць дзён і падвоілася за наступныя пяць – у Божае Нараджэнне было сабрана 200 тысяч еўра.

Паколькі надзвычайная сітуацыя з халодным надвор'ем працягваецца і дабрачыннасць можа дапамагчы прынесці палёгку, збор сродкаў працягнецца да 8 студзеня 2023 года.

Першы транспарт з тэрмаадзеннем і электрагенератарамі ўжо прыбыў у ахопленую вайной краіну. “У гэты цяжкі час дапамога сапраўды ратуе жыцці тысяч украінцаў”, - адзначыў кардынал Краеўскі.

“Ініцыятыва нарадзілася цалкам натуральным чынам, калі мне нехта сказаў, што ва Украіне вельмі патрэбная не проста цёплая вопратка, але і тэрмавопратка. Бо калі ідзе бамбёжка і людзі ўцякаюць, яны не могуць нічога з сабой узяць, але прынамсі ёсць магчымасць апрануць тэрмавопратку, каб сагрэцца. Тады супрацоўнікі Святога Пасада прапанавалі агульны збор сродкаў на анлайн-платформе. Я не пачуваўся занадта добра ў гэтым, але была ўпэўненасць у станоўчым натхненні. (...) Ніхто з нас не чакаў, што праз некалькі дзён названая сума будзе перавышана. (...) Паколькі Ватыканскае радыё пераклала маю просьбу на розныя мовы, у акцыі прынялі ўдзел людзі з усяго свету”, - адзначыў іерарх.

Ён лічыць цікавым факт адсутнасці вялікіх пераводаў. “Ёсць дэпазіты 30, 15, 20 еўра. З такіх невялікіх ахвяраванняў утварылася велізарная сума, на якую мы можам набыць дзясяткі тысяч футболак – адна каштуе каля 30 еўра, але на фабрыцы мы плацім 5 еўра, бо ўладальнікі ведаюць для каго яны”, - распавёў кардынал Краеўскі ў інтэрв’ю Vatican News.
 

27 снежня 2022, 13:27