Пошук

Абрам Хешэль Абрам Хешэль 

Ватыкан: Абрам Хешэль – вялікі яўрэйскі тэолаг

У Рыме прайшла канферэнцыя, прымеркаваная да 50-годдзя з дня смерці амерыканскага рабіна польскага паходжання Абрама Хешэля – аднаго з вядучых яўрэйскіх тэолагаў і філосафаў ХХ стагоддзя.

Ян Глінскі - Vatican News

Форум пад дэвізам “Сфарміраваны Іншым” праходзіў у Папскім Грыгарыянскім універсітэце.

“Гэта, верагодна, адзін з самы чытаных аўтараў яўрэйскага паходжання, у тым ліку сярод хрысціянаў”, – сказаў пра Хешэля адзін з арганізатараў канферэнцыі прафесар Масіма Гарджула. Як падкрэсліў віцэ-дырэктар Цэнтра імя кардынала Бэі, Абрам Хешэль з’яўляецца важнай постаццю у хрысціянска-яўрэйскім дыялогу.

Галоўны рабін Рыма Рыкарда Дзі Сэньі назваў свайго вялікага папярэдніка асобай шматбаковай. “Рабін Хешэль перажыў вельмі асаблівае, цікавае культурнае выхаванне: ён фарміраваўся ў Германіі ў 30-я гады, навучаючыся спачатку ў традыцыйных рабінскіх школах і паходзячы з вельмі годнай сям’і настаўнікаў-хасідаў, а пасля параўноўваў свой досвед з рэфармаванымі рабінскімі школамі, а таксама з універсітэтам”, – адзначыў Дзі Сэньі.

“Дзякуючы яго здольнасці да сінтэзу і ментальнай адкрытасці на розныя разумовыя гарызонты ён змог сабраць інтэрпрэтацыі рэчаіснасці, якія пазней выйшлі на дзённае святло, калі яму давялося бегчы, эміграваць у ЗША з-за пераследу нацыстаў. У тыя “амерыканскія” гады ён змог развіць сваю інтэрпрэтацыйную мадэль, а таксама свае інтуіцыі, якія пазней мелі вялікі ўплыў як у яўрэйскім свеце, так і ў грамадстве ўцэлым”, – нагадаў галоўны рабін Рыма.

“Гэта ўвогуле быў вельмі актыўны чалавек, – працягваў ён. – Ёсць гістарычны здымак, на якім відаць, як ён ідзе разам з Марцінам Лютэрам Кінгам у маршы за грамадзянскія правы. Таму для Хешэля справа ўключэння веруючага чалавека ў грамадства з’яўлялася не толькі прадметам тэарэтычных разважанняў, але была звязана з сацыяльнай актыўнасцю, накіраванай на паляпшэнне лёсу [людзей], атрымання правоў, якія ім належаць”.

Абрам Ешуа Хешэль (1907-1972) – яўрэйскі тэолаг, філосаф і паэт, які адыграў важную ролю падчас Другога Ватыканскага Сабору, паўплываўшы на форму Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetate, якая стала пераломным момантам у каталіцка-яўрэйскіх адносінах.

06 снежня 2022, 08:17