Osservatore Romano пра народную культуру і ролю тэалогіі
Марыя Валодзіна – Vatican News
У энцыкліцы Fratelli tutti, прысвечанай братэрству і сяброўству, настойліва звяртаецца ўвага на “культуру сустрэчы”, як абсалютную неабходнасць для пабудовы міру. Гаворачы пра народную культуру, як культуру, суб'ектам якой з'яўляецца народ, адзначаецца, што "гэта нешта большае, чым абстрактная ідэя" (Fratelli tutti, 216).
Фактычна, “словам культура абазначаецца тое, што глыбока пранікла ў народ, у яго самыя запаветныя перакананні і лад жыцця”. Францішак просіць, каб сустрэча стала культурай, у якой цэласнасць – гэта штосьці большае за частку, а адрозненні не павінны супрацьпастаўляць нас.
Зразумець гэтую магчымасць дапамагае параўнанне з мнагаграннікам, які “дае ўяўленне пра грамадства, дзе суіснуюць адрозненні, дапаўняючы, узбагачаючы і ўзаемна асвятляючы адзін аднаго, нават на фоне дыскусій і недаверу”. Шматлікія грані і бакі мнагагранніка сыходзяцца, каб утварыць стракатае адзінства, - нагадаў Стальяно.
Паводле біскупа, ідэя культуры народу, такім чынам, выказвае нешта, што ўкаранілася ў свядомасці народа настолькі, што вызначае яго этычныя каштоўнасці і ўплывае на паўсядзённыя паводзіны і справы. Тэалогія павінна ўлічваць гэта, каб спрыяць працэсу, з дапамогай якога вера становіцца культурай, - лічыць ён.
Фактычна, неабходна стварыць метад, каб вера дасягнула гэтага ўзроўню глыбіні і стала культурай, этасам (ethos), звычаем, ладам жыцця, які ўкараняецца ў дагматычных ісцінах каталіцызму, яго каштоўнасцях і прынцыпах: яны з'яўляюцца аб'ектыўнымі ісцінамі і ўніверсальна сапраўднымі прынцыпамі, якія павінны быць прызнаныя "усеагульным дабром", таму што ахоўваюць чалавечае ва ўсіх людзях, захоўваючы іх ад адвольных інтэрпрэтацый, якія ў канчатковым выніку заўсёды прыводзяць да зневажання чалавечай годнасці тых, хто жыве "на адваротным баку гісторыі", - папярэдзіў біскуп Стальяно.