Салідарнасць Пантыфіка з хворымі на лепру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Сёння 70-ы Сусветны дзень дапамогі хворым на лепру. На жаль, стыгма, звязаная з гэтай хваробай, працягвае прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў розных частках свету. Я выказваю сваю блізкасць да тых, хто пакутуе ад яе, і заахвочваю да імкнення да поўнай інтэграцыі гэтых нашых братоў і сясцёр”, - звярнуўся Францішак.
Гэтыя словы сугучныя з нядаўнім пасланнем Папы да ўдзельнікаў рымскага Сімпозіума па хваробе Хансена. У ім Святы Айцец заклікаў скарыстацца Сусветным днём для таго, каб “перагледзець нашы мадэлі развіцця, а таксама асудзіць і паспрабаваць выправіць дыскрымінацыю, якую яны выклікаюць”. На яго думку, “гэта спрыяльная магчымасць для таго, каб аднавіць прыхільнасць да стварэння інклюзіўнага грамадства, якое нікога не пакідае на абочыне”.
“Мы павінны спытаць сябе, як лепш за ўсё супрацоўнічаць з людзьмі, якія пакутуюць на лепру, ставіцца да іх як да людзей, прызнаваць іх галоўнымі дзеючымі асобамі ў барацьбе за фундаментальныя правы чалавека, а таксама паўнапраўнымі членамі супольнасці”, - лічыць Папа.