Святы Айцец спачувае сенегальскаму народу пасля буйнога ДТЗ
Папа выказаў спачуванні сенегальскаму народу пасля буйнога ДТЗ, у якім загінулі дзясяткі чалавек. Тэлеграма за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна была даслана на імя прэзідэнта рэспублікі Макі Саля.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Яго Святасць Папа Францішак далучаецца да смутку сем'яў і ўсяго народа. Ён жадае выказаць сваю блізкасць і клопат параненым; моліцца да Бога, каб Ён прыняў загінулых у сваім супакоі і святле, і просіць Яго прынесці суцяшэнне і надзею ўсім, хто пацярпеў у гэтай трагедыі”, - гаворыцца ў тэксце тэлеграмы.
Сама меней 40 чалавек загінулі 8 студзеня 2023 года ў выніку сутыкнення двух аўтобусаў у цэнтральнай частцы Сенегала. Аварыя адбылася раніцай каля Кафрына. Згодна з папярэднімі звесткамі, у аднаго з аўтобусаў лопнула шына, вадзіцель страціў кантроль над транспартным сродкам, што і прывяло да сутыкнення.
10 студзеня 2023, 12:32