Пошук

Лаўрэат Прэміі Заіда - 2023 Шамса Абубакар Фадзіл Лаўрэат Прэміі Заіда - 2023 Шамса Абубакар Фадзіл 

Абвешчаны лаўрэаты Прэміі Заіда за 2023 год

Лаўрэатамі Прэміі Заіда за чалавечае братэрства сталі Супольнасць святога Эгідзія і кенійка Мама Шамса, якая дапамагае моладзі ісці мірным шляхам.

Марыя Валодзіна – Vatican News

31 студзеня 2023 года незалежнае журы Прэміі Заіда за агульначалавечае братэрства, абвясціла пераможцаў. Імі сталі Супольнасць святога Эгідзія і Шамса Абубакар Фадзіл, жанчына-міратворац з Кеніі.

Прэмія, якая прысуджаецца ўжо чацвёрты год, ушаноўвае двух лаўрэатаў “за іх унёсак у пабудову больш мірнага і спагадлівага свету шляхам распаўсюджвання каштоўнасцяў чалавечага братэрства і натхняльнага прыкладу мірнага суіснавання”.

Супольнасць cвятога Эгідзія – гуманітарная арганізацыя, якая ажыццяўляе праекты ў 73 краінах свету. Яна атрымала прызнанне за ўклад у паспяховыя мірныя перамовы і вырашэнне канфліктаў з дапамогай рэлігійнай дыпламатыі і міжкультурнага дыялогу ў розных кутках свету, ад Гватэмалы да Мазамбіка. Арганізацыя ажыццяўляе ініцыятыву Гуманітарныя калідоры, дапамагае бежанцам і спрыяе іх інтэграцыі ў грамадства.

Шамса Абубакар Фадзіл, вядомая як Мама Шамса, працуе на карысць моладзі ў Кеніі і ў іншых краінах Афрыкі. Яна правяла буйныя кампаніі, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да праблемы гвалту ў адносінах да жанчын, а таксама на пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын і моладзі.

Каментуючы выбар лаўрэатаў 2023 года, генеральны сакратар Прэміі Заіда суддзя Махамед Абдэльсалам сказаў: “Сёлета лаўрэатамі прэміі сталі сапраўды выбітныя лідары, якія прысвяцілі сваё жыццё пераадоленню рознагалоссяў, развіццю ўстойлівых супольнасцей і выхаванню пачуцця спагады і надзеі. Супольнасць святога Эгідзія і Мама Шамса змянілі жыццё ўразлівых і маргіналізаваных людзей у розных кутках свету, у тым ліку моладзі, бежанцаў і тых, хто жыве ў зонах канфліктаў”. Ён дадаў, што, прысуджаючы Прэмію Заіда гэтым двум лаўрэатам, яны імкнуцца падтрымаць іх намаганні і заахвоціць іншыя арганізацыі і асобных людзей ва ўсім свеце прымаць актыўны ўдзел у пашырэнні каштоўнасцяў чалавечага братэрства.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Абу-Дабі 4 лютага 2023 года, у Міжнародны дзень чалавечага братэрства, які адзначаецца ў памяць аб падпісанні Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам Дэкларацыі аб агульначалавечым братэрстве. Ініцыятарам прэміі з'яўляецца камітэт, створаны з мэтай укаранення ў жыццё пастулатаў дэкларацыі.

Прэмія была названая ў гонар шэйха Заіда бэн Султана аль-Нахаяна, першага кіраўніка Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, вядомага сваім гуманізмам і імкненнем дапамагаць людзям незалежна ад іх паходжання.

02 лютага 2023, 15:07