Папа паразмаўляў з Вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Палітык назваў цяперашняе афрыканскае падарожжа Пантыфіка асабліва важным, паколькі яно звяртае ўвагу на забытыя канфлікты. Ён патлумачыў Vatican News, што, асабліва калі гаворка ідзе пра такія рэзанансныя войны, як ва Украіне, лёгка не заўважыць іншыя гарачыя кропкі.
“Лічу важным, каб Папа перш за ўсё нагадаў свету, што наступствы гэтых канфліктаў неабходна ліквідаваць: трэба падтрымліваць гуманітарныя намаганні”, - адзначыў супрацоўнік ААН. Ён спадзяецца на тое, што Пантыфік паспрыяе мірным намаганням, якія “вельмі часта не знаходзяць дастатковай падтрымкі на міжнароднай арэне”, менавіта таму войны і канфлікты “цягнуцца гадамі без асаблівых змен”. Гэта, на думку Грандзі, тычыцца і ўсходняга Конга, і ў некаторай ступені Паўднёвага Судана.
Камісар выказаўся і пра сітуацыю ва Украіне, якую ён наведаў непасрэдна перад прыбыццём у Рым. Ён прызнаўся, што быў уражаны маштабамі разбурэнняў і тым, што краіна перажывае жудасную трагедыю. Ён падзякаваў за добрае стаўленне да ўкраінскіх бежанцаў у многіх краінах.
“Хіба ж мы не можам атрымаць з гэтага ўрокі на будучыню, калі ў Еўропу прыедуць наступныя групы людзей? Бо бежанцаў будзе шмат. Гэта сітуацыя стварыла мадэль для пераймання”, - падкрэсліў прадстаўнік ААН.