Кардынал Бэньяміна Стэла і прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль у Гаванскім універсітэце Кардынал Бэньяміна Стэла і прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль у Гаванскім універсітэце  (ANSA)

Папа ўступіўся за зняволеных маладых кубінцаў

Францішак моцна разлічвае на станоўчы адказ урада Кубы адносна вызвалення маладых людзей, якія трапілі ў турму пасля масавых пратэстаў у гэтай краіне 11 ліпеня 2021 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта падкрэсліў у сваёй прамове 8 лютага 2023 года ў Гаванскім універсітэце кардынал Бэньяміна Стэла. Ён прыбыў на востраў у сувязі з 25-годдзем пілігрымкі Яна Паўла ІІ.

Прамову папскага пасланніка слухаў прэзідэнт краіны Мігель Дыяс-Канэль. “Важна, каб маладыя людзі, якія ў нейкі момант выказвалі свае перакананні вядомым для ўсіх спосабам, маглі вярнуцца ў свае дамы”, - такімі словамі іерарх спаслаўся на арышты летам 2021 года і заклікаў да дыялогу паміж органамі ўлады і грамадзянамі.

Папскі пасланец выказаў надзею на тое, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час і стане важным крокам да перамен, так неабходных кубінскаму народу. “Ёсць рэчы, якія павінны адбыцца, і як мага хутчэй”, - падкрэсліў ён.

На Кубе святкуюць 25-годдзе візіту Яна Паўла ІІ. Ён стаў першым Пантыфікам у гісторыі, які прыехаў на самы вялікі з Антыльскіх астравоў. Прадстаўніком Святога Пасада стаў кардынал Стэла. З 23 студзеня ён наведвае месцы, звязаныя з папскім візітам: горад Санта-Клара, дзе ўпершыню ў гісторыі Кубы Папа цэлебраваў святую Імшу, а таксама Камагуэй, Сьега-дэ-Авіла, Сант’яга-дэ-Куба і санктуарый Маці Божай у Кобрэ.
 

10 лютага 2023, 10:28