СМІ ў Конга актыўна абмяркоўваюць папскі візіт
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Папа Францішак накіраваў пасланне міру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга”, - піша штотыднёвік The East African пра сустрэчу Пантыфіка з ахвярамі насілля на ўсходзе краіны. Святы Айцец сутыкнуўся з голай рэальнасцю: жанчынамі, завербаванымі паўстанцамі ў якасці сексуальных рабынь, з тымі, хто атрымаў калецтва і быў прымушаны да канібалізму.
Як паведамляе кангалезская радыёстанцыя RTNC, Папа быў узрушаны максімальна шчырымі сведчаннямі відавочцаў. У сваёй прамове ён накіраваў “моцны пасыл” усім, хто “цягне за вяровачку” ў канфлікце. Вяшчальнік ААН Radio Okapi адзначае, што Францішак у чарговы раз запэўніў ахвяр канфлікту ў сваёй салідарнасці.
Прабачэнне, мір і “амністыя сэрца” сталі, паводле Le Potentiel, ключавымі словамі гаміліі Пантыфіка на Імшы ў аэрапорце Кіншасы. Францішак наўпрост заклікаў паўстанцаў разарваць вечны круг насілля. Выданне таксама звяртае ўвагу на адсутнасць экс-прэзідэнта Джозэфа Кабілы.
Некалькі мясцовых СМІ звяртаюць увагу на “палітычны” аспект паслання папскай Імшы: канфлікт з Руандай. The East African піша аб усведамленні Папам “кантэксту эскалацыі”, што можна заўважыць па яго словах: “Сусед – гэта брат”. Радыё France Internationale, наадварот, адзначае: “Папа не назваў Руанду ў сваёй прамове і не прыняў бок у спрэчцы”.