Пошук

Фрагмент цытадэлі Алепа, разбуранай землятрусам Фрагмент цытадэлі Алепа, разбуранай землятрусам  (AFP or licensors)

Землятрус у Сірыі: непапраўная шкода культурнай спадчыне

Землятрус на поўначы Сірыі прывёў не толькі да велізарных чалавечых ахвяр, але і нанёс шкоду культурнай спадчыне чалавецтва, якую пакуль цяжка ацаніць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэта звярнула ўвагу ў інтэрв'ю Vatican News прафесар фларэнтыйскага ўніверсітэта Марына Пучы, якая ўзначальвае італьянскую місію ў Археалагічным музеі ў Алепа.

Паводле яе слоў, музей у Алепа – досыць сучаснае збудаванне. Таму штуршкі не нанеслі яму сур'ёзнай шкоды. Менавіта тут захоўваюцца самыя каштоўныя артэфакты, уключаючы найбуйнейшую калекцыю, якая адносіцца да перыяду неаліту – ад 7 000 гадоў да нараджэння Хрыста да рымскай эпохі. Гэта артэфакты з усёй Паўночнай Сірыі.

Прафесар Пучы, якая знаходзіцца ў Італіі, прызналася, што ў цяперашні час цяжка ацаніць маштаб разбурэнняў, паколькі ўсе па-ранейшаму занятыя выратаваннем людзей, што мае абсалютны прыярытэт. “Аднак мы павінны ўсведамляць, што Алепа – горад, які мае вялікае значэнне для культурнай спадчыны чалавецтва", - звярнула ўвагу італьянскі археолаг.

"На жаль, землятрус супаў з вельмі працяглым дванаццацігадовым перыядам баявых дзеянняў, а ў выпадку Алепа гаворка ідзе пра перыяд з 2014 па 2016 гады, калі ён непасрэдна пацярпеў ад канфлікту з вялікай шкодай для архітэктурнай спадчыны. Многія збудаванні былі знішчаны ў выніку вайны, і калі адбыўся землятрус, яны разбурыліся першымі", - патлумачыла прафесар Пучы.
 

28 лютага 2023, 11:55