Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы і сямейныя актывісты падпісалі дамову аб супрацоўніцтве

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) і Еўрапейская федэрацыя каталіцкіх сямейных асацыяцый (FAFCE) падпісалі 20 сакавіка 2023 года ў Бруселі пагадненне аб супрацоўніцтве на еўрапейскім узроўні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кіраўнік FAFCE Вінчэнца Басі растлумачыў, што абедзве арганізацыі хочуць аб'яднаць намаганні, каб "перадаць прыгажосць сям'і і заклікаць еўрапейскія інстытуты прыняць да ўвагі фундаментальную функцыю сям'і як асновы для будучыні".

Старшыня COMECE кардынал Жан-Клод Олерыш лічыць, што біскупы могуць атрымаць карысць з нізавога вопыту сямейнай палітыкі. Ён адзначыў, што рашэнне аб супрацоўніцтве было прынята не выпадкова – гэта вынік сусветнага Сінадальнага працэсу ў Каталіцкім Касцёле. На сінадальнай Асамблеі, якая пройдзе ў Рыме ў кастрычніку, таксама будуць абмяркоўвацца новыя формы ўзаемадзеяння паміж духавенствам і свецкімі.

Цікава, што генеральныя сакратарыяты COMECE і FAFCE размешчаны ў Бруселі ў суседніх офісах. У мінулым яны ўжо рэалізавалі сумесныя дакументы і ініцыятывы, напрыклад, на тэму пажылых людзей у грамадстве і еўрапейскай стратэгіі догляду за імі.

Еўрапейская федэрацыя каталіцкіх сямейных асацыяцый была заснавана ў 1997 годзе. Яна аб'ядноўвае 18 нацыянальных структур з 17 краін. FAFCE мае сакратарыят у Бруселі і супрацоўнічае з Еўрапейскім Саюзам і Саветам Еўропы, што дае яе прадстаўнікам права прысутнасці на ўсіх пленарных пасяджэннях, права доступу да распрацоўкі дакументаў і права на афіцыйныя выступленні.
 

21 сакавіка 2023, 13:54