Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскі фонд: пераслед хрысціян хаваецца за патрабаваннямі прагрэсу

Каля 400 мільёнаў хрысціян жыве на тэрыторыях, дзе ім пагражае пераслед, - нагадаў Алесандра Мантэдура, кіраўнік італьянскага офіса Папскага фонда Дапамогі Касцёлу ў патрэбе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У інтэрв’ю выданню Il Timone эксперт падкрэсліў, што гаворка ідзе як пра верагоднасць тэрактаў з боку экстрэмістаў, як гэта часта бывае ў Афрыцы, так і пра дыскрымінацыю з боку некаторых палітычных груповак, напрыклад у Індыі, або з боку самой дзяржавы, як у Кітаі.

Пераслед хрысціян у свеце з’яўляецца вельмі складанай праблемай. Акрамя прамых нападаў і забойстваў існуюць таксама сур’ёзныя абмежаванні рэлігійнай дзейнасці ў розных месцах, - дадаў Мантэдура.

Кіраўнік Папскага фонда нагадаў словы, якія Францішак прамовіў у красавіку 2016 года, адзначаючы, што пераслед бывае не толькі “крывавым”, калі тэрарысты-смяротнікі забіваюць людзей, але таксама і “цывілізаваным”, які хаваецца за патрабаваннямі сучаснасці, культуры і прагрэсу.

“Што гэта за “цывілізаваны пераслед”? – Гаворка ідзе пра новыя законы, новыя культурныя нормы, які прыводзяць да дзеянняў, скіраваных на маргіналізацыю рэлігіі, у тым ліку хрысціянства, і яе абмежавання выключна прасторай месцаў культу ці нашага сумлення, - заўважыў Алесандра Мантэдура.

Папскі фонд Дапамога Касцёлу ў патрэбе рэалізуе каля пяці тысяч праектаў у 150-ці краінах свету, накіраваных на падтрымку душпастырскай дзейнасці, шляхам рэканструкцыі храмаў і рэлігійных цэнтраў, спрыяння фармацыі духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў, а таксама матэрыяльнай падтрымкі каталіцкіх супольнасцей.
 

20 сакавіка 2023, 10:06