Прадстаўнік Касцёла: вайна ў Малдове стала б пачаткам сусветнай
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Будзе трагедыяй, калі вайна выбухне ў Прыднястроўі. Гэта ўцягне ў яе Малдову і стане прэлюдыяй да трэцяй сусветнай вайны, - сказаў генеральны вікарый Кішынёўскай дыяцэзіі Чэзарэ Ладэзерта ў інтэрв'ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KNA.
Прарасійскі рэгіён Прыднястроўе, які аддзяліўся ад Рэспублікі Малдова, разглядаецца Расіяй практычна як уласная тэрыторыя. Два тыдні таму прэзідэнт Расіі Пуцін ануляваў свой указ ад 2012 года, у якім гаварылася, што вырашэнне прыднястроўскай праблемы павінна адбывацца “на аснове павагі да суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і нейтральнага статусу Рэспублікі Малдова пры вызначэнні асаблівага статусу Прыднястроўя”. На днях у Прыднястроўі былі абвешчаны зборы для мужчын ва ўзросце да 55 гадоў.
У той жа час генеральны вікарый раскрытыкаваў пазіцыю Еўрапейскага саюза. Ён лічыць "абсалютна неабходным", каб ЕС узяў на сябе большую адказнасць у рэгіёне. "Ён павінен быў зрабіць гэта даўно, але дагэтуль – за выключэннем асобных краін, такіх як Германія і Польшча – з боку еўрапейскіх палітыкаў не было асаблівай увагі да гэтай маленькай беднай краіны", - адзначыў ксёндз Ладэзерта.
Католікі ў Рэспубліцы Малдова з'яўляюцца меншасцю – іх каля 20 тысяч. Кішынёўская дыяцэзія з цэнтрам у аднайменнай сталіцы існуе з 2001 года. Больш за 90 працэнтаў насельніцтва краіны належыць да праваслаўя.