Іракскія бежанцы Іракскія бежанцы  (ANSA)

Святы Пасад: 20 гадоў пасля ўварвання ў Ірак

Роўна 20 гадоў таму з уварвання кааліцыі на чале з ЗША пачалася вайна ў Іраку. Пасля звяржэння рэжыму Садама Хусэйна ў выніку ваенных дзеянняў Захаду краіна, на жаль, пагрузілася ў анархію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тагачасны апостальскі нунцый у Багдадзе, кардынал Фернанда Філоні адзначыў у інтэрв’ю Vatican News факты знішчэння ў той час культурных каштоўнасцей і скарбаў мінулага, у тым ліку і амерыканскімі салдатамі. Была спалена вялікая бібліятэка ў іракскай сталіцы. "Цягам двух-трох дзён на Багдад падаў попел", - прызнаўся іерарх. Сітуацыя дасягнула свайго піку з прыходам тэрарыстычнай групоўкі Ісламская дзяржава і злачынствамі, здзейсненымі джыхадзістамі супраць меншасцей, уключаючы хрысціян і езідаў у ваколіцах Масула.

На фоне паўсюдных пакут Каталіцкі Касцёл імкнуўся заставацца блізкім да мясцовага насельніцтва. Іракцы асабліва адчулі гэта падчас пілігрымкі Папы Францішка ў Ірак у 2021 годзе. Але самым моцным жэстам салідарнасці стала пастаяннае знаходжанне нунцыя ў Багдадзе. Ён не пакінуў іракскую сталіцу 20 гадоў таму нягледзячы на вайну.

"У дыпламатычнай службе Святога Пасада мы добра ведаем, што едзем туды не для таго, каб ажыццяўляць тыповую для дыпламатычнага свету дзейнасць, якая тычыцца камерцыйных, фінансавых, грамадзянскіх і іншых пытанняў. Мы там для чагосьці іншага: для міру, для забеспячэння свабоды Касцёла, для таго, каб быць побач з нашымі хрысціянамі і паказаць салідарнасць Папы з іх суполкамі, няхай гэта будзе меншасць ці большасць. (...) Касцёл выступіў супраць вайны і на баку іракскага народа. Як (тагачасны) нунцый, магу сказаць, што ні адзін святар, ні адзін біскуп, ні адзін рэлігійны дзеяч, манах або манахіня не з'ехалі. Усе яны засталіся там. Зыход хрысціян пачаўся пазней. І гэта было ацэнена як самімі іракцамі, так і ўладамі дзяржавы", - заявіў былы папскі прадстаўнік у Іраку.
 

21 сакавіка 2023, 09:24