Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява  (Copyright 2011 Brett Jorgensen Photography)

У Рыме прайшлі курсы для моладзі трох монатэістычных рэлігій

Навучыцца кіраваць дынамікай міжрэлігійнага дыялогу - з такой мэтай маладыя яўрэі, хрысціяне і мусульмане сабраліся на двухдзённыя навучальныя курсы ў Салезіянскім інстытуце Пія XI у Рыме.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Па словах кіраўніцы праграмы Элены Дзіні, ідэя паўстала з-за таго, што “існуе вельмі шмат рэалій, якія запрашаюць маладых людзей, але ніколі не робяць іх галоўнымі героямі міжрэлігійнага дыялогу”. Мэта гэтай ініцыятывы заключаецца менавіта ў тым, каб дазволіць моладзі стаць галоўнымі героямі дыялогу, а таксама даць ім некаторыя інструменты для далейшай працы. Акрамя таго, на думку Дзіні, вельмі часта моладзь розных канфесій, сустракаючыся, не гавораць аб сваёй рэлігіі. Дадзены навучальны курс быў створаны для таго, каб даць ім гэту магчымасць.

У першы дзень курсаў прагучалі сведчанні тых, хто ўжо ўдзельнічае ў міжканфесійным дыялогу па актуальных пытаннях і вывучае святыя тэксты розных канфесій. Удзельнікі сустрэчы прачыталі святыя пісанні розных рэлігій, знайшлі ў іх адрозненні і падабенства. Дыялог і абмен думкамі працягнуўся і падчас сумеснага абеду.

Адна з удзельніц курсаў, мусульманка Сэрвэт, заўважыла: “Многія не ведаюць, як весці дыялог, і гэта прымушае іх адразу ж атакаваць. З другога боку, уменне весці дыялог дапамагае адкрываць новыя перспектывы, трэба размаўляць”.

Клаўдзіа, малады хрысціянін і выкладчык італьянскай мовы для арабскіх студэнтаў, заўважыў, што досвед дыялогу, атрыманы ім на навучальных курсах, будзе карысны для яго выкладчыцкай працы, на якой ён спрабуе стварыць атмасферу дыялогу паміж культурамі і канфесіямі.

Малады яўрэй Даніэль, які ўдзельнічаў у міжрэлігійным праекце ў сярэдніх школах Рыма, падзяліўся сваім досведам: “Я стараюся не чытаць лекцыі, а проста распавядаць пра свой лад жыцця ў іудаізме. Я спрабую дапамагчы школьнікам убачыць падабенства паміж нашымі рэлігіямі, гэта выклікае цікаўнасць. Некаторыя чулі аб іудаізме толькі ў кантэксце Халакоста”. На яго думку, фундаментальную ролю адыгрывае дыялог унутры рэлігіі. “Міжрэлігійны дыялог можа існаваць толькі там, дзе паважаюцца меншасці ў рамках адной рэлігіі. Для дыялогу ж з іншымі канфесіямі трэба быць гатовымі падвергнуць сумневу свае перакананні. Для гэтага дастаткова вельмі малага – непрадузятасці”, - лічыць хлопец.

21 сакавіка 2023, 12:46