Пошук

Фрагмент рэльефу з афінскага храма Парфенон, які захоўваўся ў Ватыканскіх музеях Фрагмент рэльефу з афінскага храма Парфенон, які захоўваўся ў Ватыканскіх музеях  (ANSA)

Ватыканскія музеі перадаюць фрагменты Парфенона ў Грэцыю

Ватыканскія музеі вяртаюць у Грэцыю фрагменты рэльефу з афінскага храма Парфенон. Працэс перавозкі старажытных мармуровых работ пачаўся 7 сакавіка 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Гэта азначае, што яшчэ больш фрагментаў фрыза храма, разабранага ў ХІХ стагоддзі, вернуцца на месца свайго паходжання. Толькі Брытанскі музей у Лондане, дзе знаходзіцца большая частка рэльефу, адмаўляецца ад перадачы.

Дэмантаж фрыза ўзыходзіць да ўказа султана Селіма III у 1801 годзе. Ён дазволіў брытанскаму пасланцу ў Канстанцінопалі Томасу Брусу лорду Элджыну ўзяць "некалькі каменных блокаў з надпісамі або фігурамі". Аднак дыпламат загадаў выламаць увесь фрыз Парфенона і адправіць яго ў Лондан. Асобныя часткі былі прададзены па дарозе, уключаючы тры ватыканскія асобнікі.

У 2006 годзе кафедра класічных старажытнасцей Гейдэльбергскага ўніверсітэта стала першай установай, якая вярнула часткі Парфенона. У маі 2022 года Археалагічны музей у Палерма на поўдні Італіі перадаў свае фрагменты храма Музею Акропаля ў Афінах.

У снежні 2022 года Папа Францішак у знак экуменізму вырашыў перадаць экспанаты з Ватыканскіх музеяў праваслаўнаму архіепіскапу Афін Іераніму II.

На трох фрагментах з Ватыканскіх музеяў прадстаўлены часткі галавы каня са сцэны, якая адлюстроўвае спрэчку паміж Афінай і Пасейдонам за ўладу над Атыкай; галавы хлопчыка носьбіта аладак, якія традыцыйна падносіліся падчас вялікай працэсіі ў гонар багіні Афіны; а таксама мужчыны з барадой – часткі сцэны бітвы кентаўраў.
 

07 сакавіка 2023, 11:17