Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Аўстрыйскі кардынал пра выклікі, звязаныя з штучным інтэлектам

Трыумф інтэрнэту ва ўсіх сферах, моцнае развіццё анлайн-жыцця і з’яўленне штучнага інтэлекту нічога не змянілі ў прыродзе чалавека, - лічыць кардынал Крыстаф Шонбарн.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Хоць вельмі шкада, што ў выніку гэтага развіцця шмат страчана, тым не менш, мы ўсё яшчэ адкрываем рэчы ў плане асноўных даных чалавечага жыцця”, - сказаў арцыбіскуп Венскі ў інтэрв'ю аўстрыйскаму тэлебачанню ORF і дадаў, што “такі жыццёвы досвед нельга замяніць камп'ютэрам”.

Іерарх, у якасці прыкладу, адзначыў, што магчымасці алічбоўкі не могуць змяніць той факт, што людзі нараджаюцца і паміраюць, у іх ёсць сэрца і мозг. Таксама яны не могуць змяніць таго факту, што “мы – мужчыны і жанчыны, з усімі адценнямі, але заўсёды нараджаемся ад жанчыны”. Факт, што людзі ўлюбляюцца, – гэта таксама “тое, чаго не можа зрабіць ні адзін камп’ютэр”, а таксама не можа перадаць “цуд прыгажосці прыроды, клопат у выпадку хваробы, старэнне, радасць нованароджанага дзіцяці”.

Увесь гэты жыццёвы вопыт таксама ў будучыні застанецца “базавымі данымі” чалавека, - адзначыў Шонбарн. Гісторыя паказала, што ідэалогіі не вытрымліваюць супрацьстаяння з рэчаіснасцю. Таксама і дэфармацыі не будуць працягвацца ў доўгатэрміновай перспектыве, лічыць аўстрыйскі кардынал, падкрэсліваючы, што мае “вельмі глыбокі давер да людзей”.

Таму іерарх станоўча ставіцца да развіцця штучнага інтэлекту. Ён прызнаўся, што быў па-добраму здзіўлены, калі нядаўна ў інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі Папы Францішка ў белым пухавіку, згенерыраваныя штучным інтэлектам. Пры гэтым ён выказаў надзею на тое, што, нягледзячы на цяперашнюю магчымасць, святары і свецкія, якія ўдзельнічаюць у Літургіі Слова, не пачнуць замаўляць штучнаму інтэлекту тэксты казанняў або прамоў.

У гэтым кантэксце кардынал прывёў у прыклад каталіцкага святара з парафіі Брун-на-Гебірге ў Венскай архідыяцэзіі Тома Кручынскага, які нядаўна склаў канкурэнцыю інавацыйнай сістэме штучнага інтэлекту ChatGPT. Святар папрасіў штучны інтэлект напісаць пропаведзь, і адначасова сам напісаў тэкст на тую ж тэму, затым зачытаў абедзве версіі і запрасіў выставіць ацэнкі на YouTube. “Дзякуй Богу, яго ўласная пропаведзь усё ж такі атрымала лепшы рэйтынг. Але гэта сведчыць аб нечым драматычным”, - прызнаўся кардынал Шонбарн.
 

04 красавіка 2023, 11:48