Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@miniavailable)

У Лісабоне на СДМ чакаюць прыезду 1,5 мільёна чалавек

Каля 1,5 мільёна чалавек з усяго свету, як чакаецца, прыбудуць у Лісабон на цэнтральнае святкаванне Сусветных дзён моладзі, паведаміў 19 красавіка 2023 года ўрад Партугаліі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выступаючы на дэбатах у парламенце, міністр па парламенцкіх справах Ана Катарына Мендэс сказала, што такую ацэнку даў камітэт, які арганізуе сусветны сход, запланаваны на 1-6 жніўня 2023 года.

"Мы спадзяемся, што гэта падзея, беспрэцэдэнтная ў гісторыі нашай краіны, пройдзе так, як запланавана", - сказала Мендэс, нагадаўшы, што сярод удзельнікаў будзе і Папа Францішак. У той жа час яна запэўніла, што партугальскія ўлады "робяць усё магчымае, каб скараціць выдаткі дзяржавы на правядзенне Сусветных дзён моладзі". Міністр разлічвае, што яны могуць скласці каля 20 мільёнаў еўра, што менш, чым чакалася раней.

Раней арганізатары меркавалі, што для правядзення глабальнага форума спатрэбіцца 79 мільёнаў еўра публічных сродкаў, з якіх дзяржаўная субсідыя павінна была скласці 36,5 мільёнаў еўра.
 

20 красавіка 2023, 10:36