Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Нідэрландскі кардынал пра адносіны Касцёла да штучнага інтэлекту

"Мы не можам чакаць занадта доўга, каб пачаць дзейнічаць у гэтай сферы", - адзначыў кардынал Вільгельм Эйк, спасылаючыся на хуткае развіццё сферы штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як дадаў нідэрландскі іерарх, Касцёл павінен разгледзець праблемы, якія ставіць прымяненне гэтай тэхналогіі ў галіне душпастырства або медыцынскай дапамогі. Яго выказванне апублікаваў італьянскі часопіс Il Timone.

Арцыбіскуп Утрэхцкі з'яўляецца экспертам у галіне біяэтыкі і сексуальнай этыкі. Ён адзначае, што з развіццём чат-ботаў, якія выкарыстоўваюць доступ да велізарных баз дадзеных для імітацыі размовы з чалавекам, узнікае неабходнасць у абачлівасці пры дазволе штучнаму інтэлекту карыстацца інфармацыяй. У той жа час тут нельга марудзіць, паколькі развіццё ўжо ідзе, і розныя ілжывыя дадзеныя могуць уводзіць чалавека ў зман.

Яшчэ адна сфера, якую варта разгледзець, – медыцына. Ужо існуюць дамы састарэлых, дзе ежу раздаюць робаты. У выніку губляецца цеплыня чалавечых зносін, вельмі важных для пажылога чалавека, - звярнуў увагу кардынал Эйк. Іерарх прапанаваў старанна абдумаць далейшае ўкараненне машын у жыццё, каб, напрыклад, не ўзмацніць пачуццё адзіноты. Ён таксама адзначыў, што ў канчатковым выніку мы зараз сутыкаемся з многімі новымі працэсамі, сцэнарыі якіх няясныя.

"Ні ў Касцёле, ні ў грамадстве няма ўсведамлення глыбокіх перамен, якія чакаюць нас у бліжэйшыя гады", - лічыць арцыбіскуп Утрэхцкі.
 

25 мая 2023, 10:32