Кардынал Нікалс пра глыбока хрысціянскую каранацыю Карла III
Марыя Валодзіна – Vatican News
На думку іерарха, словы якімі 6 мая 2023 года ў Вестмінстэрскім абацтве распачнецца каранацыя Карла III, з'яўляюцца вельмі паказальнымі. У іх гаворыцца, што падданыя, як дзеці царства Божага, вітаюць караля ў імя Уладара Уладароў. На што ён адкажа, што прыйшоў служыць "у імя Яго і па Яго прыкладу".
Глыбока хрысціянская цырымонія каранацыі спалучыць ў сабе гісторыю з інавацыямі, дзеянні са словамі, музыку з маўклівай малітвай. Чатыры старажытныя элементы каранацыі – памазанне манарха, ускладанне кароны, уручэнне мяча і прыняцце Камуніі – пра якія захаваліся запісы, датаваныя XI стагоддзем, будуць і на гэтай каранацыі. Манарху таксама ўручаць скіпетр, дзяржаву і іншыя рэгаліі. Цырымонія адлюстроўвае багацце традыцый, гэта значыць, пераемнасць і стабільнасць, - лічыць кардынал Нікалс.
Аднак традыцыйная цырымонія будзе дапоўненая інавацыямі, якія адлюстроўваюць змены ў сучасным брытанскім грамадстве. Сваю ролю згуляюць прадстаўнікі іншых рэлігій, уручыўшы манарху рэгаліі. Прагучыць сучасная харавая музыка, выкананая на розных мовах. Разам з лідэрамі розных краін свету, на цырымонію запрошаны людзі з усіх слаёў грамадства. Будуць прысутнічаць і прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, некаторыя з якіх выступяць з прамовай. Напрыканцы цырымоніі караля, як суседа па веры, прывітаюць рэлігійныя лідары іншых канфесій і атрымаюць прызнанне ад яго ў адказ, - падкрэсліў іерарх.
Гісторыя брытанскіх зямель глыбока звязана з гісторыі Каталіцкага Касцёла. Да XVI стагоддзя каранацыя была каталіцкай. Апошнія 400 гадоў яна ажыццяўлялася Англіканскай царквой. Але гэтым разам многія аспекты цырымоніі адлюстроўваюць і ўмацоўваюць змены ў адносінах паміж дзвюма Цэрквамі, - заўважыў арцыбіскуп.
Як вядома, Францішак перадаў Карлу III рэліквію Крыжа Хрыстовага, якую будуць несці на чале працэсіі ў дзень каранацыі. Святога Айца на каранацыі будзе прадстаўляць кардынал Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін у суправаджэнні апостальскага нунцыя. Сама цырымонія змяшчае шмат адсылак да яе каталіцкага паходжання: спевы Kyrie, Veni Sancte Spiritus, Te Deum і Gloria. Акрамя таго, арцыбіскуп Нікалс атрымаў прапанову благаславіць караля. Гэта новаўвядзенне, на яго думку, з'яўляецца “яшчэ адным крокам на шляху да загойвання агульных старажытных ран”.
Па словах іерарха, гісторыя каралеўства сапраўды поўная расколаў, і гэты факт таксама знойдзе сваё адлюстраванне ў каранацыі, падчас якой кароль паклянецца захоўваць у краіне пратэстанцкую рэлігію.
Арцыбіскуп Вестмінстэрскі нагадаў нядаўнія словы караля Карла III аб тым, што ён прынясе гэтую клятву як адданы і пабожны член Англіканскай царквы. Аднак, акрамя гэтага канстытуцыйнага абавязку, у яго ёсць і іншыя абавязкі, у тым ліку абавязак ахоўваць свабоду веравызнання ў Злучаным Каралеўстве і вітаць людзей усіх рэлігійных канфесій, - нагадаў іерарх.
Адным з самых важных новаўвядзенняў гэтай каранацыі стане публічная малітва караля. Гэта будзе малітва аб тым, каб стаць благаславеннем для ўсіх людзей, любой веры і перакананняў, і каб усім разам знайсці шляхі ласкі і міру з дапамогай Езуса Хрыста. На думку кардынала, гэта малітва адлюструе складанасці брытанскага жыцця і яго гісторыі, традыцыі, сучасных змен і трансфармацый, аднак стане таксама “поўным і добрасумленным выразам хрысціянскай веры і надзеі”.
Кардынал нагадаў што, за выключэннем Святога Пасада, у свеце існуе толькі адна дзяржава, кіраўнік якой заступае на сваю пасаду падчас рэлігійнай цырымоніі. “Гэта старажытная традыцыя ўносіць важкі ўклад у адчуванне самабытнасці і пераемнасці складанага сучаснага грамадства і ва ўсё, што мы прыносім у свет у цэлым”, - адзначыў кардынал Нікалс.
“Хай благаславіць Пан караля Карла”, - такімі словамі завяршаецца артыкул арцыбіскупа Вестмінстэрскага.