Пошук

Падчас сустрэчы Мітрапаліта Валакаламскага Антонія і арцыбіскупа Паола Пецы (mospat.ru) Падчас сустрэчы Мітрапаліта Валакаламскага Антонія і арцыбіскупа Паола Пецы (mospat.ru) 

Масква: сустрэча праваслаўнага і каталіцкага іерархаў

30 мая 2023 года па запрашэнні пастыра архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, арцыбіскупа Паола Пецы Мітрапаліт Валакаламскі Антоній наведаў комплекс будынкаў каталіцкага катэдральнага касцёла ў Маскве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведамляе сайт Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, падчас сустрэчы “бакі абмеркавалі некаторыя актуальныя пытанні ўзаемаадносін паміж Рускай Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай Цэрквамі”.

Арцыбіскуп Пецы сказаў італьянскаму каталіцкаму агенцтву SIR, што “візіт прайшоў добра”. "Не ўдаючыся ў падрабязнасці, магу толькі сказаць, што такія сустрэчы важныя для таго, каб заўсёды трымаць дзверы адкрытымі, падтрымліваць і нават умацоўваць тыя масты, пра якія ўвесь час кажа Папа Францішак і якія заўсёды вельмі патрэбныя", - сказаў іерарх.

Некалькі дзён таму Святы Пасад пацвердзіў, што Папа Францішак даручыў кардыналу Матэа Дзупі, арцыбіскупу Балонні і старшыні італьянскай біскупскай канферэнцыі, узначаліць місію, узгодненую з Дзяржаўным сакратарыятам, якая павінна паспрыяць паслабленню напружанасці ў канфлікце ва Украіне, што, спадзяецца Святы Айцец, можа пакласці пачатак мірнаму працэсу. Даты правядзення місіі і яе ўмовы вывучаюцца.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал П'етра Паралін, размаўляючы з журналістамі, адзначыў, што кардынал Дзупі будзе адзіным суразмоўцам падчас місіі ў Кіеве і ў Маскве, дзе ён павінен сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Зяленскім і прэзідэнтам Расіі Пуціным.
 

31 мая 2023, 12:16