Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Партугалія: ўлады ўвядуць памежны кантроль падчас СДМ

Падчас Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года, урад Партугаліі ў мэтах бяспекі увядзе кантроль на межах краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Узмоцненыя меры будуць рэалізавацца як на дарогах, так і ў аэрапортах і марскіх партах. Прыняцце такога рашэння ўжо пацвердзілі прадстаўнікі кабінета міністраў Антоніа Коста і ўрада Іспаніі Педра Санчэса, нагадаўшы, што папярэднія праверкі паміж дзвюма краінамі дзейнічалі ў 2020 і 2021 гадах з прычыны санітарных абмежаванняў, выкліканых пандэміяй каронавіруса.

Раней, у 2017 годзе, Партугалія і Іспанія ўжо прымалі рашэнне адносна ўвядзення памежнага кантролю ў сувязі з візітам Папы Францішка ў Лісабон і Фаціму. Тады ў партугальскім санктуарыі сабралася больш за 1,5 мільёна чалавек.

Як піша штотыднёвік Expresso, які адзначае, што ў жнівеньскіх СДМ прымуць удзел больш за 1 мільён пілігрымаў, занепакоенасць аргкамітэта і партугальскіх службаў выклікана, між іншым, вельмі вялікай колькасцю заявак на ўдзел у мерапрыемстве ад моладзі з краін з невялікім працэнтам католікаў, такіх як Пакістан і Індыя.

Некаторыя партугальскія СМІ адзначаюць, што ў апошнія тыдні прадстаўнікі грамадзянскай абароны раскрытыкавалі месца правядзення сёлетніх Сусветных дзён моладзі. Між іншым, іх непакоіць адсутнасць інфраструктуры і лагістычныя цяжкасці ў парку на мяжы муніцыпалітэтаў Лісабона і Лурэша, дзе на рацэ Тэжу пройдуць асноўныя набажэнствы. На іх 5 і 6 жніўня 2023 года будзе прысутнічаць Папа Францішак.
 

23 мая 2023, 10:31