Пошук

Наступствы цыклону Мока ў М'янме Наступствы цыклону Мока ў М'янме  (AFP or licensors)

Салідарнасць Папы з ахвярамі стыхіі ў Бангладэш і М’янме

28 мая 2023 года, пасля велікоднай малітвы Regina Caeli і апостальскага благаслаўлення Святы Айцец звярнуўся з просьбай аб дапамозе для ахвяр цыклону, які на мінулым тыдні абрынуўся на Азію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Заахвочваю вас маліцца за людзей, якія жывуць на мяжы М’янмы з Бангладэш, што моцна пацярпелі ад цыклона: больш за 800 тысяч чалавек, у тым ліку многія з групы рахінджа, якія жывуць у цяжкіх умовах. Абнаўляючы сваю блізкасць да насельніцтва, прашу адказных аблегчыць доступ да гуманітарнай дапамогі і заклікаю з пачуцця чалавечай і касцёльнай салідарнасці прыйсці на дапамогу гэтым нашым братам і сёстрам”, - звярнуўся Францішак.

Цыклон Мока абрынуўся на Бенгальскі заліў 14 мая 2023 года. Хуткасць ветру ў яго эпіцэнтры дасягала 250 кіламетраў за гадзіну. Цыклон прынёс паводкі і апоўзні ў рэгіён, дзе жывуць сотні тысяч людзей, перамешчаных у выніку працяглага канфлікту ў М'янме. Сотні тысяч жыхароў М'янмы і Бангладэш засталіся без даху над галавой напярэдадні наступлення сезона дажджоў.
 

28 мая 2023, 12:54