Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Тыдзень Laudato sì: пошук надзеі для Зямлі і чалавецтва

Разважанням пра будучыню нашага агульнага дома прысвечаны Тыдзень Laudato si’, які адзначаецца з 21 па 28 мая 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Нагодай для святкавання Тыдня стала сацыяльная энцыкліка Францішка, апублікаваная восем гадоў таму. Яна нагадвае пра абавязак чалавека клапаціцца пра стварэнне, захавальнікам, а не ўладальнікам якога, ён з'яўляецца. Тэма сёлетняга тыдня: Надзея для Зямлі, надзея для чалавецтва.

Клопат аб нашым агульным доме патрабуе дыялогу веры і навукі. Аб гэтым, нагадваючы пра Тыдзень Laudato si’ падчас нядзельнай малітвы Уладарка неба, казаў Францішак, запрашаючы ўсіх аб'яднаць навыкі і творчасць.

Цэнтральнай ініцыятывай Тыдня Laudato si’ стаў дакументальны фільм Ліст рэжысёра Нікаласа Браўна, які прапануецца паглядзець і абмеркаваць у сям'і, з сябрамі, у супольнасці. Галоўныя дзеючыя асобы фільма - Аруна, Робін, Грэг і іншыя - робяць усё магчымае дзеля абароны нашага супольнага дома. Яны родам з падманутай Афрыкі, Індыі, Гаваяў, Амазонкі, дзе захоўваюць флору і фауну, змагаюцца з наступствамі глабальнага пацяплення і знішчэння лясоў, дапамагаюць карэнным народам, бедным і моладзі. У пошуку новай надзеі для нашага супольнага дома яны вядуць на экране дыялог з Папам і паміж сабой.

"Гэта цудоўны фільм, - адзначыў на прэзентацыі прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны. - Гэта ясны заклік да людзей ва ўсім свеце: Прачынайцеся! Сур'ёзна! Дзейнічайце разам! Дзейнічайце зараз! Больш нельга губляць час".

Акрамя таго, у рамках Тыдня Laudato si’ 21 мая на ватыканскай плошчы святога Пятра распаўсюджвалася выданне Наш агульны дом: дапаможнік па клопаце аб нашай планеце, апублікаванае ў выніку супрацоўніцтва Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Стакгольмскага інстытута навакольнага асяроддзя. Дапаможнік ахоплівае навуковыя веды ў галіне экалогіі і тлумачыць, якім чынам людзі і супольнасці могуць будаваць больш устойлівую і сацыяльна справядлівую будучыню. Кожную тэму зборніка суправаджаюць такія раздзелы, як Што трэба змяніць? і Давайце дзейнічаць.

24 мая 2023, 13:38