Пошук

Хрысціяне ў іракскім Масуле Хрысціяне ў іракскім Масуле  (AFP or licensors)

У Іраку дзяржава збірае даныя аб хрысціянах

Дэпартамент па справах хрысціян Упраўлення датацый супольнасцей рэлігійных меншасцей Ірака распрацаваў і пачаў распаўсюджваць электронную анкету для збору статыстычных даных аб жыхарах Ірака, якія не вызнаюць іслам.

Ян Глінскі

Лічбавая база даных мясцовых хрысціян будзе ўключаць інфармацыю пра іх тэрытарыяльнае размяшчэнне, узровень адукацыі, прафесійныя кампетэнцыі, сямейнае становішча, колькасць сем’яў і іх членаў, род заняткаў, якасць іх жылля і іншае.

У супрацоўніцтве з Дэпартаментам інфармацыйных тэхналогій Упраўленне датацый спрабуе стварыць інструмент, які можа спрыяць больш эфектыўнаму інвеставанню, а таксама рэалізацыі паслуг і праектаў, што ажыццяўляюцца ўрадам для падтрымкі карэнных хрысціянскіх супольнасцей. Вынікі гэтага збору даных не могуць разглядацца як афіцыйны перапіс хрысціян Ірака, паколькі анкету запаўняюць па жаданні.

Паводле іракскай інфармацыйнай крыніцы ankawa.com, для лепшага выніку Дэпартамент па справах хрысціян рэкамендаваў кіраўніцтву Цэркваў і рэлігійных арганізацый заахвочваць да распаўсюду анкеты. Яна будзе заставацца пастаянна адкрытым інструментам для абнаўлення даных па меры змен.
 

08 мая 2023, 11:11