У розных кутках свету прайшла маладзёжная экалагічная эстафета
Марыя Валодзіна - Vatican News
Каля 200 тысяч падлеткаў, маладых людзей і членаў іх сем'яў вырашылі прыняць удзел у сёлетняй эстафеце Run4Unity (Бег дзеля адзінства), якая прайшла ў сотнях гарадоў па ўсім свеце. Мэта мерапрыемства – спрыяць экалагічнаму навяртанню.
Ініцыятыву падтрымала платформа Laudato si' Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, а таксама моладзь руху факаляраў. Тэма акцыі: "Людзі, планета і наша экалагічнае навяртанне”.
У рамках мерапрыемства ўдзельнікі ўсіх узростаў займаліся бегам, пешай хадой і іншымі відамі спорту, каб потым абмяняць пройдзеныя кіламетры або выкананыя фізічныя практыкаванні на дрэвы, якія пасадзяць па ўсім свеце.
24-гадзінная эстафета стартавала з астравоў Фіджы, якія моцна пацярпелі ад змены клімату, і завяршылася ў Каліфорніі. У эстафеце прынялі ўдзел школьнікі і моладзевыя групы, якія займаюцца экалогіяй.
“Каб забяспечыць здаровую і прыдатную для жыцця будучыню нашай планеты, мы ўсе, незалежна ад нашых традыцый, веры, культуры, узросту, павінны аб'яднацца і ўдзельнічаць у канкрэтных мерапрыемствах, якія абараняюць прыроднае асяроддзе і клапоцяцца аб найбольш уразлівых. З дапамогай такіх мерапрыемстваў, як Run4Unity, моладзь паказвае нам шлях”, - адзначыў Джон Мандэл, дырэктар платформы ініцыятыў Laudato si' і супрацоўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.