Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Італьянскія біскупы крытыкуюць кампраміс ЕС у пытанні бежанцаў

Старшыня міграцыйнага камітэта Канферэнцыі біскупаў Італіі, арцыбіскуп Джанкарла Перэга лічыць “відавочным крокам назад” дасягнуты міністрамі ўнутраных спраў ЕС кампраміс па бежанцах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пагадненне, дасягнутае ў мінулы чацвер, 8 чэрвеня 2023 года, у Люксембургу, не вырашае асноўных праблем, - раскрытыкаваў арцыбіскуп Перэга, які таксама ўзначальвае фонд епіскапату Migrantes.

Іерарах у інтэрв’ю італьянскаму Avvenire звярнуў увагу на тое, што ёсць краіны, якія бяруць на сябе большы, чым іншыя, цяжар, што тычыцца прыёму мігрантаў. Але Італія не адносіцца да іх. Да гэтага часу 90 працэнтаў з 1,2 мільёна мігрантаў, якія высадзіліся ў Італіі, выкарыстоўвалі краіну толькі ў якасці транзітнага пункта. Італія займае 14-е месца ў ЕС па колькасці бежанцаў, прынятых на больш працяглы тэрмін.

Аднак Рэспубліка нясе велізарную адказнасць, калі гаворка ідзе пра магчымасць прытулку. Працэдуры давання прытулку ў Італіі – гэта “ганьба”, - паскардзіўся арцыбіскуп. Не вельмі абнадзейвае сітуацыя, калі ЕС прапануе па сутнасці тое ж, што Вялікабрытанія спрабуе зрабіць з дэпартацыяй бежанцаў у Руанду. Ён згадаў аб дэпартацыі ў “меркавана бяспечныя трэція краіны, такія як Нігерыя, Кот-д'Івуар або Туніс”.

Арцыбіскуп Перэга таксама раскрытыкаваў той факт, што ў многіх краінах Еўропы распаўсюджваецца ідэалагічны погляд на іміграцыю. Гэта падрывае права на прытулак, замацаванае ва ўсіх еўрапейскіх канстытуцыях.
 

13 чэрвеня 2023, 11:53